Гаспадаркі пяці раёнаў Віцебскай вобласці скасілі па палове запланаваных да ўборкі плошчаў збожжавых

3 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі пяці раёнаў Віцебскай вобласці скасілі па палове і больш запланаваных да ўборкі плошчаў збожжавых і зернебабовых культур, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

У ліку лідараў па тэмпах уборачнай гаспадаркі Чашніцкага раёна, якія, па даных на 3 жніўня, скасілі амаль 60% плошчаў, што падлягаюць уборцы, а таксама Глыбоцкага (55,6%), Верхнядзвінскага (каля 52%), Лепельскага і Шаркаўшчынскага (па 50%) раёнаў.

У цэлым па вобласці збожжавыя культуры скасілі на плошчы звыш 182 тыс.га, або 40,2% ад плошчаў, што падлягаюць уборцы. Намалочана каля 580 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31,8 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць збожжавых - 36,1 ц/га - захоўваецца ў гаспадарках Аршанскага раёна, якія таксама ўносяць найбольшы ўклад у агульнаабласны каравай, намалоціўшы на 3 жніўня больш за 57,5 тыс. т.

У кошт дзяржзаказу гаспадаркі вобласці здалі каля 90 тыс.т збожжа, што складае каля 48% да плана. Лён выцярэблены на плошчы 7,5 тыс.га, або больш за 40% да плана.

Дзевяць раёнаў прыступілі да сяўбы азімага рапсу, які пасеяны на плошчы звыш 1 тыс.га, або 2% да плана. Акрамя таго, усе раёны працягваюць узворванне глебы пад азімыя збожжавыя культуры, унясенне гліфасатаў і арганічных угнаенняў пад азімую сяўбу.-0-