Гаспадаркі Віцебскай вобласці да пачатку ўборачнай кампаніі папоўняць парк пяццю сотнямі камбайнаў
28 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці да пачатку ўборачнай кампаніі плануюць папоўніць парк тэхнікі пяццю сотнямі новых збожжаўборачных камбайнаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў.
Усяго на палях вобласці будуць працаваць 2,1 тыс. адзінак збожжаўборачных машын, у тым ліку больш за 60% камбайнаў (у асноўным гэта высокапрадукцыйныя КЗС-10К і КЗС-1218) з годам выпуску не старэйшыя за 3 гады, набытыя вобласцю па лізінгу. З улікам тэхнікі, якая пастаўляецца сёлета, сярэднеабласная сезонная нагрузка на адзін камбайн пры ўборцы збожжавых культур складзе 205 га. Гэта дазволіць гаспадаркам у аптымальным тэмпе правесці ўборку ўраджаю збожжавых прыкладна за 20 пагодлівых дзён, адзначыў Барыс Ефрэмаў. У другой дэкадзе ліпеня гаспадаркі паўднёвых раёнаў вобласці плануюць прыступіць да ўборкі азімага рапсу, для чаго ўжо гатовыя каля 1,3 тыс. камбайнаў, абсталяваных спецыяльнымі прыстасаваннямі для ўборкі алеістай культуры. У цэлым гатоўнасць асноўнага парку тэхнікі, які ў першую чаргу будзе задзейнічаны на ўборцы новага ўраджаю, складае звыш 80%, дадаў Барыс Ефрэмаў.
У вобласці да пачатку ўборачнай кампаніі плануецца таксама ўвесці ў эксплуатацыю 36 сучасных высокапрадукцыйных збожжасушыльных комплексаў айчыннай вытворчасці. Такім чынам, усяго падчас уборачных работ будуць задзейнічаны каля 600 такіх комплексаў. З улікам магутнасцей збожжасушыльнай гаспадаркі камбінатаў хлебапрадуктаў вобласць без страт і ў аптымальныя тэрміны зможа прасушыць каля 1,5 млн.т збожжа, якое сёння выспевае на палях, адзначыў Барыс Ефрэмаў. У перспектыве за 2011-2015 гады вобласць плануе пабудаваць яшчэ каля 150 збожжасушыльных комплексаў, што дазволіць вывесці з эксплуатацыі састарэлае абсталяванне, якое адпрацавала па 15-20 гадоў.-0-