Гаспадаркі Віцебскай вобласці да пачатку ўборачнай кампаніі папоўняць парк трыма сотнямі камбайнаў

25 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці да пачатку ўборачнай кампаніі плануюць папоўніць парк тэхнікі трыма сотнямі новых збожжаўборачных камбайнаў, з якіх 200 адзінак будуць абсталяваны шынамі павышанай праходнасці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Догель. З запланаванай да набыцця тэхнікі ўжо паступілі ў вобласць 100 камбайнаў КЗС-1218 ПА "Гомсельмаш", абсталяваных прыстаўкамі для ўборкі рапсу. Усяго на палях вобласці будуць працаваць 2 тыс. адзінак збожжаўборачных машын, прычым каля тысячы з іх - новая тэхніка, набытая вобласцю ў апошнія гады, з якіх каля 80% ужо падрыхтаваны да работ. Таксама да пачатку ўборачнай кампаніі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 13 сучасных высокапрадукцыйных збожжасушыльных комплексаў. Такім чынам, усяго падчас уборачных работ будуць задзейнічаны больш за 400 такіх комплексаў, з якіх 60 пабудаваны ў 2006-2009 гадах. Усяго ў 2009 годзе на набыццё новай тэхнікі айчыннай вытворчасці для сельгаспрадпрыемстваў Віцебскай вобласці з розных крыніц фінансавання будзе накіравана каля Br500 млрд.-0-