Гаспадаркі Віцебскай вобласці да сяўбы будуць забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі
9 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Патрэбнасць сельгаспрадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў мінеральных угнаеннях (223 тыс.т) да пасяўной кампаніі будзе задаволена, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Па даных на 5 сакавіка, у вобласці назапашана каля 99 тыс.т дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, што складае звыш 44% ад неабходнай колькасці, у тым ліку запас азотных угнаенняў - больш 25%, фосфарных - 24%, калійных - 74%. Для таго каб забяспечыць гаспадаркі мінеральнымі ўгнаеннямі на ўзроўні не ніжэйшым за мінулы год, усе арганізацыйныя пытанні вырашаны, у тым ліку прапрацавана магчымасць закупкі ўгнаенняў за мяжой, у прыватнасці ў Расіі, на суму каля $40 млн., адзначылі спецыялісты.
Падрыхтоўка тэхнікі да вясновых палявых работ у асноўным завершана, яе гатоўнасць вышэй за ўзровень мінулага года. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту было выдзелена каля Br8 млрд., яшчэ Br10 млрд. уласных сродкаў накіравалі гаспадаркі. Матэрыяльна-тэхнічная база сельгаспрадпрыемстваў дазваляе правесці сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны на працягу двух тыдняў. За апошнія гады парк тэхнікі папоўнілі 600 энергонасычаных трактароў і 600 камбінаваных пасяўных агрэгатаў. Для забеспячэння двухзменнага рэжыму работы энергонасычанай тэхнікі на пасеве будуць прыцягвацца механізатары з дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў іншых галін гаспадарчай дзейнасці.
Збожжавы клін у Віцебскай вобласці павялічыцца ў параўнанні з 2009 годам на 100 тыс.га да 458 тыс.га. Пад азімыя адведзена ў тым ліку каля 200 тыс.га.