Гаспадаркі Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі выканалі дзяржзаказ на збожжа
15 жніўня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі выканалі дзяржзаказ па продажы збожжа. Ад сельгасарганізацый паўночнага рэгіёну на элеватары і хлебапрыёмныя пункты паступіла 135 тыс.т збожжа, што складае роўна 100% плана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле рэсурсаў і гандлю дэпартамента па хлебапрадуктах Мінсельгасхарчу.
Па ацэнцы спецыялістаў, гаспадаркі Віцебскай вобласці за апошнія дні сапраўды зрабілі вялікі прарыў у здачы збожжа ў кошт дзяржзаказу і нечакана апярэдзілі папярэдніх лідараў - гаспадаркі Мінскай і Магілёўскай абласцей. На другое месца па тэмпах здачы збожжа дзяржаве выйшлі сельгасарганізацыі Магілёўскай вобласці, якія выканалі свой план на 86,5%, адгрузіўшы ў кошт дзяржзаказу 138,4 тыс.т. Гаспадаркі Мінскай вобласці справіліся з дзяржзаказам на 84%, накіраваўшы на перапрацоўку 201,7 тыс.т збожжа. Сельхозарганізацыі Гродзенскай вобласці выканалі дзяржзаказ на 81,4%, адгрузіўшы 162,8 тыс.т.
У цэлым гаспадаркі Беларусі выканалі дзяржзаказ па продажы збожжа амаль на 80%. У кошт дзяржаўных рэспубліканскіх патрэб ад сельгасарганізацый Беларусі паступіла 815,9 тыс.т збожжа новага ўраджаю. Элеватары і хлебапрыёмныя пункты ўжо прынялі 494,5 тыс.т пшаніцы, 258,3 тыс.т жыта і 63,1 тыс.т іншых культур, што складае 86,8%, 86% і 40,7% плана адпаведна. Па якасці збожжа новага ўраджаю лепш мінулагодняга.
Пастаўкі ў кошт дзяржзаказу знаходзяцца на асаблівым кантролі Мінсельгасхарчу, персанальную адказнасць нясуць кіраўнікі сельгасарганізацый. У сувязі з дажджамі збожжа патрабуе дадатковай сушкі і падпрацоўкі, і з гэтым гаспадаркі паспяхова спраўляюцца.
Дзяржаўны заказ у гэтым годзе складае 1 млн. 25 тыс.т харчовага збожжа і 175 тыс.т масланасення рапсу. Арганізацыі па хлебапрадуктах павінны прыняць 570 тыс.т пшаніцы, 300 тыс.т жыта і 155 тыс.т іншых культур. Дзяржзаказ па харчовым збожжы ў параўнанні з мінулым годам павялічаны на 3,5%.
У нарыхтоўках ураджаю 2011 года бяруць удзел 85 арганізацый, у тым ліку 21 камбінат хлебапрадуктаў, 11 камбікормавых заводаў, 10 хлебапрыёмных прадпрыемстваў, 4 нарыхтоўчыя элеватары і 39 вытворчых участкаў. Усе нарыхтоўчыя прадпрыемствы хлебапрадуктаў працуюць у кругласутачным рэжыме.-0-