Гаспадаркі Віцебскай вобласці плануюць завяршыць нарыхтоўку кармоў першага ўкосу да 1 ліпеня
23 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці ўбралі шматгадовыя травы першае ўкосу на плошчы амаль 197 тыс.га, што складае каля 72% плана. Завяршыць нарыхтоўку кармоў першае ўкосу ў вобласці плануецца да 1 ліпеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў.
Па даных на 23 чэрвеня, практычна завяршылі касавіцу аграрыі Аршанскага раёна, там ужо ўбрана больш за 99% плошчаў. Блізкія да завяршэння першага ўкосу гаспадаркі Дубровенскага (90,4%), Шаркаўшчынскага (82,2%) і Полацкага (81,4%) раёнаў. Найбольш складаная абстаноўка па нарыхтоўцы кармоў, звязаная з пераўвільгатненнем глебаў, складваецца ў Віцебскім і Сенненскім раёнах, дзе скашаны травы на плошчы каля 57%.
Усяго ў вобласці нарыхтавана амаль 364 тыс.т кармавых адзінак (больш за 45% задання з першага ўкосу), па тэмпах нарыхтоўкі траў першага ўкосу гаспадаркі апярэджваюць на 15% узровень 2009 года, адзначыў Іван Фёдараў. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана амаль 8 ц кармавых адзінак. Па гэтым паказчыку лідзіруюць гаспадаркі Дубровенскага, Лепельскага, Полацкага, Аршанскага, Лёзненскага і Верхнядзвінскага раёнаў, дзе забяспечанасць кармамі ўжо складае ад 10 ц кармавых адзінак і вышэй. У цэлым па вобласці з першага ўкосу плануецца нарыхтаваць каля 13 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
З улікам умоў надвор'я аграрыі робяць упор на нарыхтоўку сенажу, штодня закладваючы больш за 70 тыс.т і праводзячы кругласутачную ўтрамбоўку для паляпшэння яго якасных характарыстык. На сённяшні дзень гэтага віду кармоў нарыхтавана больш за 1 млн. 240 тыс.т, або амаль 64% планавага задання. Сіласу нарыхтавана каля 40 тыс.т, сена - больш за 20 тыс.т.
Гаспадаркам вобласці трэба будзе ў гэтым годзе нарыхтаваць травяных кармоў у аб'ёме не менш за 1 млн. 250 тыс.т кармавых адзінак, што на 10% перавышае паказчык 2009 года. У разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка неабходна нарыхтаваць не менш за 26 ц кармавых адзінак.
Акрамя таго, у сельгаспрадпрыемствах набірае тэмп падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі, у тым ліку вядуцца работы па рамонце збожжасушыльных комплексаў, прыводзяцца ў гатоўнасць складскія комплексы да прыёмкі новага ўраджаю. Сёння ўжо можна казаць аб тым, што збожжасушыльная гаспадарка вобласці дазволіць своечасова і без страт высушыць збожжа, адзначыў Іван Фёдараў.-0-