Гаспадаркі Віцебскай вобласці падышлі да экватара касавіцы

16 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці падышлі да экватара касавіцы - па аператыўных даных на 16 чэрвеня першым укосам скашана траў на плошчы звыш 125 тыс.га, што складае амаль 46% да задання. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Усяго гаспадаркам вобласці трэба скасіць больш за 275 тыс.га траў першым укосам. Па даных на 16 чэрвеня ўжо ўбрана траў з плошчы звыш 94 тыс.га. Найбольш актыўна гэтыя работы праводзяцца ў Полацкім раёне, дзе скашана 63% плошчы ад задання, а таксама ў Чашніцкім (59,3%), Аршанскім (55,5%), Верхнядзвінскім і Шумілінскім (па 52%), Шаркаўшчынскім (51,4%) і Докшыцкім (50,5%) раёнах. З-за ўмоў надвор'я на палях складваецца складаная абстаноўка, тэхніка працуе толькі з буксірамі. Тым не менш незалежна ад умоў усе работы неабходна завяршыць ва ўстаноўленыя тэрміны, адзначылі спецыялісты. Усяго нарыхтавана амаль 190 тыс.т кармавых адзінак (31,6% да задання з першага ўкосу), або 4,11 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву (прырост склаў 1,25 ц кармавых адзінак у параўнанні з данымі на гэты перыяд мінулага года). Карманарыхтоўшчыкі з улікам умоў надвор'я асноўны акцэнт робяць на нарыхтоўцы сенажу і сіласу (адпаведна 614 тыс.т і 93 тыс.т), пры гэтым сена нарыхтавана ўсяго 324 т. Па заданні гаспадаркі вобласці павінны нарыхтаваць 1 млн.т кармавых адзінак, у тым ліку з першага ўкосу - 600 тыс.т.-0-