Гаспадаркі Віцебскай вобласці атрымаюць да корманарыхтоўвання каля 400 адзінак тэхнікі
22 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці атрымаюць да часу корманарыхтоўкі каля 400 адзінак новай тэхнікі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Догель.
100 кормаўборачных камбайнаў "КГ-6 Палессе" ПА "Гомсельмаш" і 100 касілак, у тым ліку 60 шыроказахватных, ужо паступілі ў гаспадаркі. У бліжэйшы час на мехдварах сельгаспрадпрыемстваў з'явяцца ў такой жа колькасці граблі і спецыяльныя прычапныя прыстасаванні для трактароў, эксплуатацыя якіх дазволіць знізіць страты кармоў падчас іх дастаўкі.
Вырашаецца пытанне аб набыцці для буйных гаспадарак і жывёлагадоўчых комплексаў рэгіёну 56 імпартных кормаўборачных камбайнаў за кошт замежных крэдытных ліній. Па ўмовах тэндэру, іх магутнасць будзе не менш за 500 л.с., што звязана з асаблівасцямі палёў вобласці, а кошт адной такой машыны складзе каля 250 тыс. еўра. Плануецца, што камбайны павінны паступіць у рэгіён у пачатку чэрвеня.
Усяго на набыццё новай тэхнікі айчыннай вытворчасці для сельгаспрадпрыемстваў Віцебскай вобласці з розных крыніц фінансавання будзе накіравана каля Br500 млрд., дадаў Сяргей Догель.-0-