Гаспадаркі Віцебскай вобласці пасеялі 27% яравых культур

23 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці пасеялі яравыя культуры на плошчы каля 105 тыс.га, што складае 27% ад плана. У тым ліку яравыя збожжавыя займаюць ужо амаль 40% ад планаваных плошчаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Найбольш высокімі тэмпамі работы вядуць гаспадаркі Аршанскага раёна, дзе пасеяна ўжо 73% плошчаў, Чашніцкага (68%) і Докшыцкага (50%) раёнаў. Разам з тым у шэрагу заходніх раёнаў вобласці з-за пераўвільгатнення глебаў сяўба ідзе больш нізкімі тэмпамі. Так, у Мёрскім раёне пасеяна каля 28% плошчаў, у Верхнядзвінскім – 21,7%, у Шаркаўшчынскім – 17,4%. У вобласці пакуль не ўдаецца выйсці на максімальныя дзённыя тэмпы пасяўной: патэнцыял гаспадарак дазваляе штодзённа дадаваць па 15-16 тыс.га, але фактычна ўдаецца пасеяць не больш за 12,5 тыс.га плошчаў, адзначылі ў камітэце. Ільнозаводы вобласці актыўна вядуць сяўбу лёну, які займае 670 га пры заданні ў 20 тыс. га. Яравы рапс пасеяны на плошчы больш за 1,3 тыс.га, што складае 5,7% да плана. Гаспадаркі праводзяць таксама падсейку шматгадовых траў (29 тыс.га, або 40% да плана). Акрамя таго, завяршаецца першая падкормка азімых збожжавых і рапсу, а ў асобных раёнах гаспадаркі ўжо прыступаюць да другой падкормкі азімых азотнымі ўгнаеннямі.-0-