Гаспадаркі Віцебскай вобласці прыступілі да масавай уборкі азімага рапсу
12 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці ўбралі звыш 4 тыс. га азімага рапсу, што складае каля 9% ад плана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Ва ўборачнай кампаніі ўключыліся практычна ўсе раёны.
Паводле даных на 12 ліпеня, у вобласці намалочана больш за 6 тыс. т рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 15 ц/га. Найбольш актыўна ўключыліся ў гэту працу гаспадаркі Аршанскага раёна, дзе ўбрана каля 26% плошчаў, адведзеных пад азімы рапс, і намалочана 2,1 тыс. т пры ўраджайнасці 18,5 ц/га. Усяго сёлета гаспадаркам трэба будзе нарыхтаваць каля 90 тыс. т алеістай культуры. Акрамя таго, цяпер працягваюцца работы па падрыхтоўцы да сяўбы азімага рапсу. Так, на 12 ліпеня ўзараны глебы на плошчы каля 4,7 тыс. га. Усяго ў вобласці плануецца адвесці пад азімы рапс каля 86 тыс. га.
Гаспадаркі вобласці плануюць завяршыць нарыхтоўку траў другім укосам да 20 ліпеня. Паводле даных на 12 ліпеня, скашаны травы на плошчы больш за 20,2 тыс. га, што складае 15,6% да плана. Нарыхтавана каля 655 тыс. т кармавых адзінак, забяспечанасць кармамі з разліку на ўмоўную галаву складае больш за 14 ц кармавых адзінак, што на 5% перавышае ўзровень мінулага года. Так, сенажу нарыхтавана каля 2 млн. т, сена - амаль 120 тыс. т і сіласу - больш за 85 тыс. т.
Да ўборкі збожжавых і зернебабовых гаспадаркі вобласці плануюць прыступіць у трэцяй дэкадзе ліпеня па меры выспявання асноўных культур, дадалі ў камітэце. Усяго сёлета ў вобласці пад збожжавыя адведзена 450 тыс. га плошчаў.-0-