Гаспадаркі Віцебскай вобласці прыступілі да масавай нарыхтоўкі траў другім укосам

6 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці скасілі другім укосам травы на плошчы амаль 7 тыс. га, што складае каля 5,5% ад плана. Усяго гэтыя работы трэба выканаць на плошчы 130 тыс. га, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Практычна ўсе раёны ўключыліся ў гэту работу, за выключэннем гаспадарак Бешанковіцкага і Гарадоцкага раёнаў, дзе яшчэ завяршаецца першы ўкос траў. Па тэмпах касавіцы лідзіруюць гаспадаркі Шаркаўшчынскага раёна, якія скасілі другім укосам амаль 1,4 тыс. га. Актыўна вядуць нарыхтоўку кармоў таксама гаспадаркі Верхнядзвінскага раёна, дзе скашаны травы другім укосам на плошчы амаль 1 тыс. га, Дубровенскага (амаль 800 га), Аршанскага (больш за 700 га) раёнаў. Па даных на 6 ліпеня, у вобласці нарыхтавана амаль 600 тыс. т кармавых адзінак (або больш за 78% да задання), што складае 106% да ўзроўню 2009 года. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана амаль 13 ц кармавых адзінак. Найвышэйшыя тэмпы работ па кормавытворчасці дэманструе Лёзненскі раён. Тут нарыхтавана крыху больш за 14 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што амаль на 40% перавышае аналагічны паказчык мінулага года. У цэлым па вобласці на нарыхтоўцы кармоў у лідарах гаспадаркі Дубровенскага раёна, у якіх забяспечанасць кармамі ўжо складае ў сярэднім амаль 16,4 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Добры вынік па кормавытворчасці ў гаспадарках Лепельскага (15,2 ц) і Верхнядзвінскага (амаль 15 ц) раёнаў. Гаспадаркам вобласці трэба будзе сёлета нарыхтаваць травяных кармоў у аб'ёме не менш за 1 млн. 250 тыс. т кармавых адзінак, што на 10% перавышае паказчык 2009 года. У разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка плануецца нарыхтаваць не менш за 25 ц кармавых адзінак. Пры гэтым у гаспадарках, дзе грамадскі статак будзе пераводзіцца на кругласутачнае кармленне, неабходна забяспечыць паўтарагадовы запас кармоў, адзначылі спецыялісты.-0-