Гаспадаркі Віцебскай вобласці прыступілі да выбарачнай нарыхтоўкі травяных кармоў

21 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці пачалі выбарачную нарыхтоўку травяных кармоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Першымі да гэтай работы прыступілі аграрыі Віцебскага, Аршанскага, Талачынскага, Сенненскага, Дубровенскага, Лепельскага і Докшыцкага раёнаў. З наступнага тыдня да нарыхтоўкі кармоў павінны масава далучыцца і іншыя раёны. Усяго ў 2010 годзе ў вобласці трэба нарыхтаваць 1 млн. 250 тыс.т травяных кармоў, або 110% да ўзроўню мінулага года, не менш за 2,2 млн.т сіласу, 2 млн.т сенажу. У разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка трэба нарыхтаваць не менш за 26 ц кармавых адзінак. Каб паспяхова справіцца з гэтай задачай, ужо вядзецца актыўная падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі і кармавых сховішчаў. Што тычыцца пасяўной кампаніі, то, паводле даных на 21 мая, яравыя культуры ў вобласці пасеяны на 330 тыс.га, што складае 85% да задання. Цалкам завершаны пасеў у Аршанскім, Чашніцкім, Лёзненскім і Дубровенскім раёнах. З-за моцнага пераўвільгатнення глебы адстаюць ад лідараў Шаркаўшчынскі, Пастаўскі, Сенненскі і Віцебскі раёны.-0-