Гаспадаркі Віцебскай вобласці прыбралі 30% траў другога ўкосу
17 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На Віцебшчыне скошана трава другога ўкосу на 42,3 тыс.га, што складае 30% планавых плошчаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Усяго на сённяшні дзень убрана трава першага і другога ўкосу з 305,2 тыс.га. На міжсезонны перыяд нарыхтавана 669 тыс.т кармавых адзінак, што на 9% больш за аналагічную дату мінулага года. Выпрацавана 116,3 тыс.т сена, 1973 тыс.т сянажу і 312,6 тыс.т сіласу. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае 15,4 ц кармавых адзінак. Усяго сёлета аграрыям Віцебшчыны трэба будзе нарыхтаваць 1000 тыс.т кармавых адзінак.
Цяпер гаспадаркі вобласці рыхтуюцца прыступіць да ўборкі збожжавых. Пры гэтым ва ўсіх раёнах на бягучым тыдні пачалася нарыхтоўка насення ранніх злакавых траў, у Докшыцкім і Пастаўскім раёнах сталі выбарачна ўбіраць збожжавыя на сянаж. Шырокія тэмпы ўборка збожжавых набярэ на Віцебшчыне некалькі пазней, чым у астатніх рэгіёнах рэспублікі – у канцы ліпеня – пачатку жніўня. Гэта абумоўлена кліматычнымі ўмовамі самага паўночнага рэгіёну краіны, адзначылі спецыялісты.
Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак Віцебскай вобласці ў студзені-чэрвені 2009 года склаў 106,1% пры заданні 109,5%, у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях – 109,6%, у асабістых падсобных гаспадарках насельніцтва – 92,4%. Вытворчасць жывёлы і птушкі склала 92,2 тыс.т, або 111% да ўзроўню студзеня-чэрвеня 2008 года, малака – 373,5 тыс.т (108,8%). Агульная колькасць буйной рагатай жывёлы вырасла на 1%, свіней – на 1,7%, пагалоўе кароў захавана на ўзроўні мінулага года.-0-