Гаспадаркі Віцебскай вобласці завяршаюць падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімага рапсу

28 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці завяршаюць успароўванне глебы пад сяўбу азімага рапсу ўраджаю 2012 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Паводле даных на 28 ліпеня, гэты від падрыхтоўчых работ праведзены на плошчы звыш 40 тыс.га, або больш за 80% да плана. У бягучым годзе пад азімы рапс плануецца адвесці каля 50 тыс.га. Да сяўбы гэтай культуры аграрыі Віцебшчыны плануюць прыступіць у першых чыслах жніўня.

Акрамя таго, усе гаспадаркі вобласці пачалі фарміраваць насенныя фонды азімых збожжавых культур пад ураджай 2012 года, агульны аб'ём якіх павінен скласці амаль 74 тыс.т. Працягваюцца доглядныя работы пад азімую сяўбу, у тым ліку гліфасаты ўнесены на плошчы амаль 52 тыс.га, або каля 26% да задання, унесена каля 122,5 тыс.т арганічных угнаенняў, што складае больш за 11% да задання.

Разам з тым асноўныя сілы сканцэнтраваны на ўборачнай кампаніі. Паводле даных на 28 ліпеня, збожжавыя і зернебабовыя скасілі на плошчы больш за 100 тыс.га, або звыш 22% ад плошчаў, якія падлягаюць уборцы. Намалочана больш за 311 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31 ц/га. Лідзіруе на ўборачнай Чашніцкі раён, дзе збожжавыя скасілі амаль на 38% плошчаў, якія падлягаюць уборцы, і Глыбоцкі раён (35%). Самая высокая ўраджайнасць у гаспадарках Аршанскага (35,5 ц/га) і Бешанковіцкага (35 ц/га) раёнаў. У кошт дзяржзаказу гаспадаркі вобласці здалі больш за 35 тыс.т збожжа, што складае каля 19% да плана. Лён выцярэблены на плошчы больш за 3,8 тыс.га, або амаль 21% да плана.

Травы на корм скасілі на плошчы больш за 48 тыс.га, або 37,1% да задання другога ўкосу. У гаспадарках вобласці нарыхтавана каля 720,2 тыс.т кармавых адзінак, а забяспечанасць кармамі ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы складае амаль 15,5 ц кармавых адзінак.-0-