Гаспадаркі Віцебскай вобласці завяршаюць уборку бульбы

5 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці завяршаюць уборку бульбы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Паводле даных на 5 кастрычніка, усяго ў вобласці бульба выкапана на плошчы больш за 4,8 тыс. га, што складае звыш 95% ад плошчаў, якія падлягаюць уборцы. Палова раёнаў ужо цалкам завяршыла работу на бульбяным полі, а найбольшы аб'ём работ застаўся выканаць гаспадаркам Віцебскага раёна, дзе самае вялікае ў вобласці бульбяное поле агульнай плошчай больш за 850 га, і яшчэ неабходна ўбраць гэту культуру прыкладна на 100 га. Усяго ў вобласці накапана амаль 70 тыс. т бульбы пры сярэдняй ураджайнасці амаль 143 ц/га. Найбольш высокая ўраджайнасць у Талачынскім раёне, дзе з кожнага гектара атрымліваюць па 370 ц бульбы. У 2011 годзе плошчу бульбянога поля ў вобласці плануецца павялічыць удвая да 10 тыс. га. Акрамя таго, гаспадаркі завяршаюць работу з некаторымі агародніннымі культурамі. Практычна ўбрана бурак, які сёлета займае каля 338 га. Усяго сабрана звыш 3,7 тыс. т гэтай культуры пры сярэдняй ураджайнасці амаль 117 ц/га. У завяршальную стадыю ўступіла ўборка морквы, якую засталося сабраць прыкладна на 15% адведзеных плошчаў. Сабрана амаль 3,3 тыс. т морквы пры сярэдняй ураджайнасці 163 ц/га. Гаспадаркі таксама працягваюць збіраць капусту, якую ўбралі прыкладна на трэці (55 га) плошчаў. Паводле даных на 4 кастрычніка, у стабілізацыйныя фонды закладзена больш за 70% бульбы і морквы ад задання, а таксама звыш 70% цыбулі, 53% бурака і больш за 10% капусты. Усяго сёлета восенню гаспадаркам рэгіёна для забеспячэння насельніцтва пладаагародніннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд трэба будзе закласці 5,6 тыс. т капусты (113% да факту мінулага года), 1,4 тыс. т бурака (102%), 2,1 тыс. т цыбулі (136,4%), 1,4 тыс. т яблыкаў і груш (267,7%), а таксама 10,5 тыс. т бульбы (119%).-0-