Гаспадаркі Віцебскай вобласці завяршаюць уборку азімых
5 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці скасілі больш за 300 тыс.га, або амаль 67% збожжавага кліну, у тым ліку каля 90% плошчаў, адведзеных пад азімыя культуры. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў.
Намалочана звыш 664 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 22,1 ц/га. Па тэмпах уборкі наперадзе Лёзненскі і Сенненскі раёны, дзе скашана адпаведна 85,2% і 80,1% плошчаў. Традыцыйна ў лідарах па намалоце збожжа гаспадаркі Аршанскага раёна, якія ўжо ўнеслі ў абласны каравай амаль 83,8 тыс.т.
У вобласці вядзецца масавая ўборка яравога ячменю, на 5 жніўня ён скашаны на 55% плошчаў, а таксама асобныя раёны прыступілі да ўборкі яравога рапсу.
Лён выцерабілі на плошчы больш за 12,6 тыс.га, што складае амаль 68% да плана. Найбольш актыўна са льном працуюць гаспадаркі Дубровенскага, Аршанскага і Сенненскага раёнаў, дзе выцерабілі адпаведна 88%, 85,1% і 81,5% пасяўных плошчаў пад гэту культуру. На працягу 4-5 дзён гаспадаркі вобласці мяркуюць завяршыць работу на ільняным полі.
Азімы рапс пасеяны на 20 тыс.га - каля 25% да плана. Акрамя таго, гаспадаркі працягваюць работы па ўздыме зяблю. У цэлым па вобласці ўзаралі 87 тыс.га, або каля 35% да плана. Амаль цалкам узаралі плошчы пад сяўбу азімага рапсу, цяпер актыўна рыхтуецца глеба пад сяўбу азімых збожжавых культур, якую плануецца пачаць у трэцяй дэкадзе жніўня. -0-