Мастацкая выстава дала старт серыі мерапрыемстваў да 80-годдзя Віцебскай вобласці

Художественная выставка дала старт серии мероприятий к 80-летию Витебской области
У Мастацкім музеі адкрылася выстава, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за паўсотні жывапісных і графічных работ, якія знаходзяцца ў музейных фондах. Некаторыя з іх закупляліся, але большасць былі падораны аўтарамі. Дарэчы, уся калекцыя налічвае звыш 1,5 тыс. жывапісных палотнаў і 8 тыс. графічных лістоў.

Як патлумачылі арганізатары выставы, яе канцэпцыя – паказаць прыгажосць азёрнага краю. Прадстаўлены галоўным чынам пейзажы, якія адлюстроўваюць маляўнічыя мясціны Віцебшчыны, архітэктурныя славутасці. Гэта не зрэз пэўнага этапу жыцця вобласці, што, магчыма, больш канкрэтна перадаюць замалёўкі прамысловых аб'ектаў, гарадскія і вясковыя сюжэтныя карцінкі, партрэты. Акцэнт зроблены на пазачасавыя каштоўнасці, вечныя тэмы, якія натхнялі і натхняюць многіх мастакоў на стварэнне твораў мастацтва.

Сярод аўтараў – такія мэтры, як народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, Пётр Явіч, Іван Сталяроў, Антон Каржанеўскі, Генадзь Шутаў, Фелікс Гумен і іншыя, а таксама сучасныя жывапісцы і графікі. На выставе суседнічаюць як рэалістычная манера жывапісу, так і абстрактная. Часавы прамежак прадстаўленых работ – з 50-х гадоў мінулага стагоддзя да 2016-га.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў, які выступіў на адкрыцці выставы, адзначыў, што яна стала мастацкім уступным словам да серыі мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею, якія пройдуць у пачатку лютага.

А гэта і ўшанаванне самых годных людзей Віцебшчыны, і прэзентацыя дасягненняў вобласці за 80 гадоў, і вялікі канцэрт з удзелам лепшых мастацкіх калектываў і выканаўцаў.

"Віцебскія весці".