Мастакі з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы сустрэнуцца на біенале акварэлі ў Полацку

5 чэрвеня, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Мастакі з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы збяруцца сёння ў Полацку на 2-й Міжнароднай біенале акварэлі "Вада+Фарба", расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Шэсцьдзесят акварэлістаў, знакамітых і не вельмі вядомых шырокай публіцы, прадставяць у мастацкай галерэі музея-запаведніка 170 сваіх работ. У другі дзень выстаўкі - 6 чэрвеня, майстры пэндзля і мастацтвазнаўцы сустрэнуцца на сімпозіуме, дзе пазнаёмяцца з асаблівасцямі нацыянальных акварэльных школ. Мяркуецца таксама абмеркаваць пытанні далейшага развіцця гэтага віду жывапісу, магчымасці яго збліжэння з іншымі відамі мастацтва. Полацкая біенале акварэлі ставіць перад сабой задачы наладжвання творчых кантактаў паміж мастакамі розных краін, стварэння імі новых супольных праектаў, што спрыяюць прасоўванню мастацтва Беларусі ў свеце. Біенале "Вада+Фарба" мае ўсе шансы стаць традыцыйнай выстаўкай жывапісу.-0-