Мастакі Латвіі і Літвы пазнаёмяць гасцей «Славянскага базару» з Даўгаўпілсам
Мастакі Латвіі і Літвы пазнаёмяць гасцей XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з Даўгаўпілсам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт форуму.
Выстава графічных мініяцюр "Даўгаўпілс - вялікі… маленькі" адкрыецца 14 ліпеня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Дадзеная экспазіцыя работ была створана падчас I Латгальскага графічнага сімпозіума, які прайшоў восенню 2012 года ў Даўгаўпілсе. Тады на працягу некалькіх дзён 18 мастакоў з Латвіі і Літвы, працуючы побач і абменьваючыся вопытам, эмоцыямі і перажываннямі, а таксама натхняючыся багатым Даўгаўпілскім культурна-гістарычным асяроддзем і непараўнальнай латгальскай прыродай, стварылі мноства выдатных графічных мініяцюр, выкананых у розных тэхніках і стылях. Аўтары імкнуліся адчуць асяроддзе, у якім у іх была магчымасць тварыць, і ўлавіць найтанчэйшыя нюансы эмоцый і пачуццяў, якія нараджаліся ў іх уяўленні, каб пазней узнавіць - зрабіць адбітак сваіх адчуванняў на паперы.
Кожная з прадстаўленых работ на выставе паасобку - гэта часцінка часу, прасторы, святла, колеру і паху, якія мастакам удалося завабіць у свае творчыя сеткі. Усе разам яны ўтвараюць адзіную карціну вялікага Даўгаўпілса.
Сярод аўтараў работ - Ласма Пуятэ, Іева Нагліня, Марыта Клуша, Дзіяна Апеле, Дзігна Сірцова, Еліта Тэйланэ, Айварс Буліс, Іева Сточка і іншыя мастакі.