Мастакі адновяць аблічча Віцебска 20-х гадоў XX стагоддзя ў дзень яго нараджэння

17 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскія мастакі адновяць аблічча горада 20-х гадоў мінулага стагоддзя падчас арт-акцыі "Вуліца УНОВіС", якая пройдзе 25 чэрвеня ў Дзень Віцебска. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Святочныя мерапрыемствы Дня горада складзены такім чынам, каб паказаць усё, чым славіцца і чым ганарыцца Віцебск XXI стагоддзя. Канцэртныя пляцоўкі і месцы масавага адпачынку будуць аддадзены ў распараджэнне творчых калектываў і юных талентаў музычных навучальных устаноў абласнога цэнтра. Віцебскія мастакі падчас акцыі "Вуліца УНОВіС" будуць распісваць у стылі 20-х гадоў мінулага стагоддзя дом на вуліцы Праўды ў раёне будынка былога Народнага мастацкага вучылішча. Конкурс "Партрэт горада" пройдзе ў выставачнай зале Цэнтра сучаснага мастацтва. Увазе гараджан і гасцей горада будуць прадстаўлены унікальныя работы і фатаграфіі Віцебска мінулых гадоў. Масавыя гулянні разгорнуцца ва ўсіх раёнах горада і будуць насіць тэматычны характар. Цэнтральная частка стане месцам правядзення тэатралізаванага шэсця творчых калектываў горада, параду рэтра-аўтамабіляў і шэсця байкераў. Каля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа разгорнецца імправізаваная тэатральная плошча, на якой выступяць прафесійныя калектывы горада, а таксама самадзейныя і школьныя тэатры. Парад нявест адкрые прадстаўленне народнага вясельнага абраду ў выкананні коласаўцаў. На плошчы Свабоды будуць вызначаць самага высокага чалавека падчас конкурсу "Віцебскі велікан" памяці вядомага земляка Фёдара Махнова. Дарэчы, ужо пададзена вялікая колькасць заявак, у асноўным ад прыгожай паловы жыхароў горада. Упершыню абноўленая плошча Перамогі будзе максімальна задзейнічана пад масавыя мерапрыемствы (канцэрты, моладзевыя дыскатэкі, шоу-праграмы). Да Дня горада плануецца завяршыць першую чаргу добраўпарадкавання ў пойме Віцьбы. "Яшчэ адна зона адпачынку атрымае новае аблічча, а гараджане атрымаюць магчымасць ацаніць працу падчас культурна-спартыўнага свята", - падкрэсліў намеснік старшыні гарвыканкама. Тут жа плануецца адкрыццё першага ў горадзе поля для пляжнага футбола. Мерапрыемствы пройдуць на працягу двух дзён, арганізатары падрыхтавалі для гараджан і гасцей горада нямала сюрпрызаў, якія пакуль трымаюцца ў сакрэце, дадаў Уладзімір Цярэнцьеў.-0-