Мастацкі кіраўнік Балета Дортмунда зацікавіўся Міжнародным фестывалем сучаснай харэаграфіі ў Віцебску

Тобияс Эхінгер праявіў цікавасць да Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Аб сваім намеры пазнаёміцца бліжэй з форумам і, магчыма, прыняць удзел у ім у будучыні, кіраўнік Балета Дортмунда, лаўрэат ганаровай танцавальнай прэміі Германіі і мастацкі кіраўнік праекта "Зоркі сусветнага ўзроўню" паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пра фестываль я даведаўся з нямецкага балетнага часопіса. У артыкуле таксама адзначалася вялікая цікавасць Віцебска і яго гледачоў да танца. Цяпер мае асабістыя ўражанні пацвярджаюць гэта, а таму я хачу даведацца больш пра ваш фестываль сучаснай харэаграфіі", - сказаў Тобіяс Эхінгер, не выключыўшы, што ў будучыні сам стане ўдзельнікам віцебскага форуму.

Сёння ўвечары на сцэне канцэртнай залы "Віцебск" выступаюць салісты сусветна вядомых тэатраў: Нью-Ёрк Сіці балет, Лонданскі Каралеўскі балет, Англійскі нацыянальны тэатр, Баварскі дзяржаўны балет, Нацыянальны балет Кубы, Нацыянальны партугальскі балет, Нацыянальны балет Мадрыда. Для жыхароў і гасцей горада танцуюць выканаўцы сусветнага ўзроўню, якія прадстаўляюць самыя розныя стылі танца. Сярод іх Раланда Сарабія, Венус Вілья, Іона Акоста, Марызэ Фумеро, Рубінальд Пронк і Стывен Макрэй.

Магчымасць убачыць столькі розных зорак у адным канцэрце ў віцяблян з'явілася дзякуючы сарванаму выступленню ў Кіеве. Пры гэтым выбар упаў на Віцебск не выпадкова. "Калі гаворка ідзе пра Беларусь, то ў першую чаргу кажуць пра Мінск і Віцебск, вядомых дзякуючы шырокаму танцавальнаму руху і Марку Шагалу", - адзначыў Тобіяс Эхінгер.

Раней праграма "Зоркі сусветнага балета" дэманстравалася ў Санкт-Пецярбургу, Маскве. Сёння яна прадстаўлена ў Віцебску, а 4 красавіка яе змогуць убачыць жыхары Мінска. Наступнымі ў маршруце значацца Хельсінкі і Талін.

БЕЛТА