XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" (дасье БЕЛТА)
XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 10 па 16 ліпеня. Фестываль у Віцебску здабыў славу адной з самых сур'ёзных і буйнамаштабных культурных падзей далёка за межамі краіны.
"Славянскі базар у Віцебску" - гэта доўгатэрміновая, буйнамаштабная, міждзяржаўная культурная акцыя Беларусі і Расіі, якая арыентавана на аб'яднанне шматнацыянальных творчых сіл, усяго самага каштоўнага, чым славіцца кожная з нацыянальных культур, на ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне розных культур, духоўнае яднанне народаў свету, стварэнне мірнай супольнасці.
Фестываль мастацтваў мае адкрыты масавы характар, спрыяе адраджэнню і развіццю мастацкай культуры і мастацтва. Ён прызначаны падтрымліваць маладыя таленты і наватарства ў мастацкай культуры і мастацтве.
Больш за 5 тыс. артыстаў прымуць удзел у XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
На сцэне Летняга амфітэатра пройдуць 18 канцэртаў. Чакаецца, што іх паглядзяць каля 100 тыс. гледачоў. У афішах канцэртаў стаяць імёны Лары Фабіян, Сары Коннор, Раймонда Паўлса, Дольфа Лундгрэна, Валерыя Лявонцьева, Розы Рымбаевай, Сафіі Ратару, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Барыса Маісеева, Валерыя Меладзе, Надзеі Кадышавай. Таксама адбудуцца канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны і Масквы.
На сёлетнім фестывалі па традыцыі пройдуць Дні Беларусі, Расіі, Украіны, адбудзецца Дзень Саюзнай дзяржавы. Вялікую дэлегацыю артыстаў, мастакоў накіравала Латвія - каля 100 чалавек. Гасцямі фестывалю стануць творчыя калектывы і выканаўцы з Казахстана, Ізраіля, Кітая, В'етнама. А ўсяго на флагштоках будуць развівацца сцягі 35 дзяржаў - менавіта столькі краін накіравалі сваіх прадстаўнікоў на форум культур.
У конкурсе маладых выканаўцаў сёлета прымуць удзел артысты з 17 краін. Упершыню ў фестывальным Віцебску будуць узняты сцягі Бразіліі і В'етнама. Прадстаўніца Бразіліі будзе ўдзельнічаць у конкурсе выканаўцаў, а в'етнамскі фальклорны калектыў прыме ўдзел у канцэрце. Усяго за гады існавання фестывалю ў Віцебск прыязджалі прадстаўнікі 70 краін.
Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску" сёлета стане месцам сустрэчы не толькі дзеячаў мастацтваў, але і бізнесменаў з розных краін. Інвестыцыйны форум пройдзе ў Віцебску 10 ліпеня - у дзень адкрыцця знакамітага фестывалю.
Мэта бізнес-форуму - прыцягненне інвестыцый у развіццё навукаёмістых тэхналогій прадпрыемстваў-вытворцаў, азнаямленне айчынных і замежных інвестараў з магчымасцю арганізацыі новых вытворчасцей на тэрыторыі вобласці. Увазе патэнцыйных інвестараў будуць прапанаваны праекты ў сферы машынабудавання, аўтамабілебудавання, вытворчасці новых будаўнічых матэрыялаў з выкарыстаннем мясцовай сыравіны, прапановы па развіцці прыдарожнага сэрвісу і лагістычных цэнтраў, стварэнні інфраструктуры адпачынку ў кожным горадзе і раёне вобласці.
Дагаворы на выкарыстанне таварнага знака "Славянскі базар у Віцебску" заключылі 17 суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці.
Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" з'явіцца на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску". Алея спраектавана ў параднай зоне Летняга амфітэатра і добра будзе бачная з усіх аглядных пляцовак. Уваход у алею будзе адкрывацца трыумфальнай аркай, недалёка ад якой усталююць тумбу са павялічанай 80-сантыметровай копіяй статуэткі дзяўчыны-музы з вянком, якая ўручаецца ўсім лаўрэатам. Дэкаратыўным элементам алеі стануць квадраты з паліраванага граніту з сімвалам фестывалю - васільком, імем узнагароджанага і годам, калі яму была ўручана ўзнагарода. Сёлета закладуць пяць імянных пліт - па колькасці ўладальнікаў, уключаючы і лаўрэата 2009 года.
Узнагарода "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе. Яна ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, арганізацыям, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях. Першым лаўрэатам прэміі ў 2005 годзе стаў расійскі кампазітар Андрэй Пятроў. У 2006 годзе гэтай узнагароды была ўдастоена Ала Пугачова, у 2007 годзе - Сафія Ратару, у 2008-м - Аляксандра Пахмутава.
"Славянскі базар у Віцебску" пачуе трыумфальную "Казку" Аляксандра Рыбака. Нарвежац беларускага паходжання прыедзе на сёлетні фестываль мастацтваў.
Каля 600 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў будуць асвятляць мерапрыемствы "Славянскага базар у Віцебску". У ліку акрэдытаваных - журналісты з Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Кітая, Латвіі, Літвы, Украіны і іншых краін.
Трансляцыю канцэртаў фестывалю будуць весці "Белтэлерадыёкампанія" і тэлеканал "Расія". Упершыню расійскія гледачы ўбачаць у поўным аб'ёме выступленні ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Акрамя таго, расіяне паглядзяць у запісе канцэрты адкрыцця, закрыцця фестывалю і дзён нацыянальных культур - Беларусі, Расіі і Украіны. Беларускія гледачы змогуць назіраць за фестывальнай феерыяй у прамым эфіры - усе канцэрты, акрамя сольных начных выступленняў, будуць транслявацца па Першым канале тэлебачання.
Майстры народных рамёстваў з Расіі і Украіны прыедуць на кірмаш у Горад майстроў, які размесціцца ў цэнтры народных рамёстваў "Задзвінне". Свае работы тут пакажуць віцебскія, смаленскія, пскоўскія майстры і госці з украінскай Белай Царквы. Каля 150 заявак паступіла арганізатарам кірмаша. Забаўляць майстроў і гасцей Горада майстроў будуць не толькі фальклорныя калектывы з Віцебскай вобласці, але і госці з Кітая і В'етнама. Запамінальным абяцае стаць абласны конкурс традыцыйнай беларускай творчасці - "маляванак". Больш за 40 канкурсантаў прымуць у ім удзел. Рашэннем Віцебскага гарвыканкама ўсе майстры будуць вызвалены ад выплаты падаткаў.
Сёлетні Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні на "Славянскім базары ў Віцебску" моцна адрозніваецца ад папярэдніх сваім складам - за першынство будуць змагацца ў асноўным маладыя хлопцы. З 17 удзельнікаў толькі 3 дзяўчыны.
Беларусь на конкурсе прадставіць саліст Гомельскай абласной філармоніі 23-гадовы Андрэй Калосаў. Ён лаўрэат другой прэміі міжнароднага фестывалю эстраднай творчасці "Зорны Крым". Андрэй Калосаў выканае дзве песні з рэпертуару "Песняроў": "Верни мне музыку" і "Каліна".
На "малодшым" музычным конкурсе за першынство пазмагаюцца дзве мінчанкі - сямігадовая Маша Новік з Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў і 11-гадовая Лаліта Гайдукевіч. Абедзве дзяўчынкі - лаўрэаты міжнародных конкурсаў.
Міжнароднае журы дзіцячага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны, а дарослае - Лайма Вайкуле.
"Фоталетапіс Саюзнай дзяржавы" - выстава пад такой назвай стане адным з мерапрыемстваў XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Паўналетні фестываль праходзіць у год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таму ў фестывальныя дні адбудзецца шмат сустрэч з ветэранамі, ускладанне кветак да Вечнага агню. Запланавана акцыя "Моладзь за Саюзную дзяржаву", конкурс дзіцячага малюнка на асфальце.
Традыцыйна на фестывалі пройдзе прэс-канферэнцыя дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. А ў дзень закрыцця форуму ад імя Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ўдзельнікам творчых праграм будуць уручацца дыпломы і памятныя прызы "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі".
З бюджэту Саюзнай дзяржавы на правядзенне фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" выдзелена 24 млн. 896 тыс. расійскіх рублёў. Доля расійскага боку - 9 млн. 300 тыс. рублёў, Беларусі - 15 млн. 596 тыс. расійскіх рублёў.-0-