XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" урачыста адкрыецца 10 ліпеня

9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" урачыста адкрыецца 10 ліпеня. Больш за 5 тыс. гасцей з 34 краін прыедуць у горад над Дзвіной, каб прыняць удзел у гэтым буйнамаштабным культурным праекце Беларусі і Расіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю. На галоўнай сцэне фестывалю - у Летнім амфітэатры адбудуцца 18 канцэртаў. Чакаецца, што толькі ў амфітэатры іх паглядзяць каля 100 тыс. гледачоў. У афішах канцэртаў стаяць імёны Лары Фабіян, Сары Коннор, Райманда Паўлса, Валерыя Лявонцьева, Розы Рымбаевай, Сафіі Ратару, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Барыса Маісеева, Валерыя Меладзе, Надзеі Кадышавай. "Славянскі базар у Віцебску" пачуе трыумфальную "Казку" пераможцы "Еўравізіі" Аляксандра Рыбака. Нарвежац беларускага паходжання прыме ўдзел у канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Па традыцыі на фестывалі пройдуць канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны, Масквы. Адну з самых вялікіх дэлегацый артыстаў, мастакоў, музыкантаў накіравала Латвія - каля 100 чалавек. Гасцямі фестывалю стануць творчыя калектывы і выканаўцы з Казахстана, Ізраіля, Кітая, В'етнама. Упершыню на флагштоку фестывалю з'явіцца сцяг Бразіліі. "Славянскі базар у Віцебску" - гэта доўгатэрміновая, буйнамаштабная, міждзяржаўная культурная акцыя Беларусі і Расіі, якая арыентавана на аб'яднанне шматнацыянальных творчых сіл, усяго самага каштоўнага, чым славіцца кожная з нацыянальных культур, на ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне розных культур, духоўнае яднанне народаў свету, стварэнне мірнай супольнасці. Таму "Славянскі базар" з'яўляецца адным з буйнамаштабных культурных праектаў Саюзнай дзяржавы, і яго Дзень праводзіцца на фестывалі з 2003 года. На цяперашнім фестывалі ў Дзень Саюзнай дзяржавы будзе прадстаўлена "Фоталетапіс Саюзнай дзяржавы", адбудуцца творчыя сустрэчы з намінантамі на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады. Традыцыйна на фестывалі пройдзе прэс-канферэнцыя дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. У дзень закрыцця фестывалю ад імя Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ўдзельнікам творчых праграм будуць уручацца дыпломы і памятныя прызы "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі". Фестываль мастацтваў мае адкрыты масавы характар, спрыяе адраджэнню і развіццю мастацкай культуры і мастацтва. Ён прызначаны падтрымліваць маладыя таленты і наватарства ў мастацкай культуры і мастацтве. У міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" прымуць удзел артысты з 17 краін. Беларусь на конкурсе прадставіць саліст Гомельскай абласной філармоніі 23-гадовы Андрэй Калосаў - лаўрэат другой прэміі міжнароднага фестывалю эстраднай творчасці "Зорны Крым". Міжнароднае журы конкурсу ўзначаліць Лайма Вайкуле. Не паспеюць адгрымець фанфары ў гонар уладальніка Гран-пры дарослага конкурсу, як спаборніцкую эстафету падхопіць дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2009". У ім прымуць удзел 19 юных талентаў з 16 краін. Беларусь, Расія і Украіна дэлегавалі па два выканаўцы. Беларусі даверана прадстаўляць дзвюм мінчанкам - сямігадовай Машы Новік з Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў і 11-гадовай Лаліце Гайдукевіч. Абедзве дзяўчынкі - лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Журы дзіцячага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. Будучыя зоркі, якія абавязкова запаляць фестываль, зробяць першы крок да самай ганаровай узнагароды фестывалю - "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Яна заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе і ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, арганізацыям, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях. Першым лаўрэатам прэміі ў 2005 годзе стаў расійскі кампазітар Андрэй Пятроў. У 2006 годзе гэтай узнагароды была ўдастоена Ала Пугачова, у 2007 годзе - Сафія Ратару, у 2008-м - Аляксандра Пахмутава. Імёны гэтых праслаўленых артыстаў і лаўрэата 2009 года ўпершыню будуць увекавечаны на Алеі славы на Летнім амфітэатры. "Славянскі базар у Віцебску" - гэта не толькі эстрадныя канцэрты. Больш за 70 мерапрыемстваў рознага напрамку пройдуць у дні XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Віцебск ператворыцца ў Горад майстроў. Майстры народных рамёстваў з Беларусі, Расіі і Украіны прыедуць на кірмаш, які размесціцца ў цэнтры народных рамёстваў "Задзвінне". Свае работы тут пакажуць віцебскія, смаленскія, пскоўскія майстры і госці з украінскай Белай Царквы. Велізарная колькасць творчых сустрэч з артыстамі, пісьменнікамі запланавана на фестывалі. Яўгеній Яўтушэнка і Міхаіл Козакаў, спектаклі маскоўскіх тэатраў і сустрэчы з майстрамі оперы Ізраіля - усё гэта падрыхтаваў XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў. Гасцей фестывалю чакае выстава 100 афортаў Марка Шагала - ілюстрацый да паэмы М.Гогаля "Мёртвыя душы". Каля 600 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў будуць асвятляць мерапрыемствы "Славянскага базару ў Віцебску". Сярод акрэдытаваных - журналісты з Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Кітая, Латвіі, Літвы, Украіны і іншых краін. Трансляцыю канцэртаў фестывалю будуць весці "Белтэлерадыёкампанія" і тэлеканал "Расія". Упершыню расійскія гледачы ўбачаць у поўным аб'ёме выступленні ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Акрамя таго, расіяне паглядзяць у запісе канцэрты адкрыцця, закрыцця фестывалю і дзён нацыянальных культур - Беларусі, Расіі і Украіны. Беларускія гледачы змогуць назіраць за фестывальнай феерыяй у прамым эфіры - усе канцэрты, акрамя сольных начных выступленняў, будуць транслявацца па Першым канале тэлебачання. З бюджэту Саюзнай дзяржавы на правядзенне фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" выдзелена 24 млн. 896 тыс. расійскіх рублёў. Доля расійскага боку - 9 млн. 300 тыс. рублёў, Беларусі - 15 млн. 596 тыс. расійскіх рублёў. XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" сёлета пройдзе з 10 па 16 ліпеня.-0-