XX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 8 па 14 ліпеня
24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня 2011 года. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фарміраванне канцэртнай і тэатральнай праграм яшчэ працягваецца. "Яны будуць складзены такім чынам, каб прыцягнуць больш гледачоў і павысіць акупнасць фестывалю", - падкрэсліў Уладзімір Цярэнтаў.
Як чакаецца, у адкрыцці юбілейнага фестывалю прымуць удзел Мікалай Баскаў, арт-групы хор Турецкага і "Сапрана10", Аляксандр Разенбаўм, балет пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана, Мірэй Мацье, а кульмінацыяй канцэрта, як паабяцаў Уладзімір Цярэнтаў, стане выступленне гурта Space з Дзідзье Маруані. Завершыцца ўсё лазерным шоў пад касмічную музыку гурта.
Дзень Беларусі на фестывалі ўпершыню стане выставай дасягненняў рэспублікі ў розных галінах: навуцы, тэхніцы, вытворчасці і, зразумела, культуры. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа спектакль "Пінская шляхта", у выставачных залах будуць дэманстравацца работы беларускіх мастакоў, якія прынялі ўдзел у акцыі "Зямля пад белымі крыламі". Увечары адбудзецца канцэрт Анжалікі Агурбаш і яе сяброў Дзмітрыя Малікава, Аляксандра Маршала, Аляксандра Буйнова. У Дзень культуры Расіі пройдзе выступленне дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хору імя Пятніцкага, які ў 2011 годзе адзначае 100-годдзе. У Дзень Саюзнай дзяржавы на сцэне Летняга амфітэатра будзе спяваць ансамбль "Сябры".
Па добрай традыцыі адбудуцца сольныя канцэрты папулярных артыстаў. Чакаецца, што сваіх прыхільнікаў парадуюць Мірэй Мацье, Алена Ваенга, Максім Галкін, Любоў Успенская, Надзея Кадышава, Валерый Меладзэ, Аўраам Русо, Аляксандр Разенбаўм, хор Турецкага, гурт "Мумій Троль". На адкрытай пляцоўцы на плошчы Перамогі пройдуць выступленні Сяргея Лазарава і выканаўцы МакSим. Па словах Уладзіміра Цярэнтава, запланавана 25 канцэртаў, у 2010 годзе іх было 19.
Галоўнай інтрыгай фестывалю, як і на працягу 20 гадоў, стане міжнародны конкурс маладых выканаўцаў. На працягу двух конкурсных дзён вызначыцца пераможца. Падтрымаюць пачаткоўцаў спевакоў дасведчаныя майстры эстрады. Сярод іх - Крысціна Арбакайтэ, якая дасць сольны канцэрт у другім аддзяленні аднаго з конкурсных канцэртаў.
Па словах Уладзіміра Цярэнтава, арганізатары паклапоцяцца пра тое, каб напоўніць кінаафішу фестывалю цікавымі фільмамі, запросяць тэатральных зорак.
У дні фестывалю ў Віцебску таксама пройдуць міжнародны інвестыцыйны форум, рэспубліканская выстаўка-кірмаш "Малы бізнес у фестывальным Віцебску", кірмаш народных рамёстваў "Горад майстроў". Усяго ў святочныя дні намечана арганізаваць больш за 70 розных забаўляльных мерапрыемстваў.-0-