XXI «Славянскі базар» раскрыў карты гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі
27 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. XXI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" нарэшце раскрыў карты гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
За ўвесь час існавання фестывалю інтрыга з беларускімі ўдзельнікамі не доўжылася так доўга. Ужо была вядомая дата канцэрта - 14 ліпеня, цэны на квіткі не заставаліся камерцыйнай таямніцай, а вось імёнаў удзельнікаў канцэрта не было. Але фестываль (нездарма ён 21-ы), як дасведчаны гулец у "дваццаць адно", узяў блэк-джек і тут жа раскрыў карты.
У канцэрце, які пройдзе ў Дзень культуры Беларусі, выступяць як вядомыя выканаўцы, так і пачаткоўцы: Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Аляксандра Драздоўская, Пётр Ялфімаў, Жанет і Вольга Плотнікава, Лідзія Забалоцкая, Набіль Зарук, Валерый Скаражонак, Паліна Смолава, Аляксандр Саладуха, ансамбль народнай музыкі "Бяседа", ВІА "Чараўніцы", заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны ансамбль танца, тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I." Дзмітрыя Залескага. І гэта далёка не поўны пералік удзельнікаў канцэрта. Вядучымі канцэрта будуць Іскуі Абалян, Вольга Нікіфарава, Дзяніс Паршын і Аляксандр Патліс.
Квіткі на гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі можна набыць у касах і праз Інтэрнэт. Іх кошт складае ад Br40 тыс. да Br80 тыс.-0-