XXIV Міжнародныя Шагалаўскія чытанні ў Віцебску прысвяцілі памяці Давіда Сімановіча
14-15 чэрвеня ў Віцебску адбыліся XXIV Міжнародныя Шагалаўскія чытанні, у якіх прымалі ўдзел гісторыкі, мастацтвазнаўцы, архівісты, музейныя работнікі і пісьменнікі з Беларусі, Расіі, Японіі і Германіі
Цяперашнія чытанні прысвечаны памяці паэта, старшыні Шагалаўскага камітэта Давіда Сімановіча, які пайшоў з жыцця 9 мая. З дэманстрацыі фільма «Сямейны альбом», выступленняў аб творчасці і грамадскай дзейнасці Давіда Сімановіча, успамінаў аб нашым выдатным віцябляніне сяброў яго і паплечнікаў Міхаіла Шмерлінга, Уладзіміра Папковіча пачыналася навуковая канферэнцыя. Цёпла выказалася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Наталля Шыенок, якая нагадала, што з імем Сімановіча звязаны многія знакавыя падзеі — ён быў натхняльнікам Пушкінскага свята, дзён Караткевіча, адным з ініцыятараў прэміі «Сузор’е муз». Ён быў знаёмы з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Яўгенам Еўтушэнкам і знаёміў нас, гараджан, з імі. Давід Рыгоравіч быў уважлівы да фестывалю інвалідаў і падтрымліваў таленты. «Мы ў даўгу перад гэтым чалавекам, будзем жа захоўваць памяць аб ім», — сказала Наталля Аляксееўна.
Удзельнікі таксама ўшанавалі памяць сяброў Шагалаўскіх чытанняў, якія пайшлі з жыцця ў гэтым годзе, Рыгора Барадуліна і маскоўскага мастацтвазнаўцы Наталлі Апчынскай.
Дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая канстатавала, што чытанні па-ранейшаму выклікаюць вялікую цікавасць у спецыялістаў, дазваляюць адкрываць раней невядомыя грані шагалаўскай тэматыкі. Некаторыя навукоўцы з году ў год вяртаюцца ў Віцебск з новымі даследаваннямі. Так, мастацтвазнавец Якаў Брук, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, падрыхтаваў сёлета даклад «Марк Шагал у Малахаўцы». Ён таксама з'яўляецца членам рэдакцыйнага савета выдавецкай серыі «Кніжная лаўка Дома Шагала». У гэтым праекце ўдзельнічае і пісьменніца-русіст з Гамбурга Брыгіта ван Канн, але яна ўпершыню ўдзельнічала ў чытаннях у якасці спецыяльнага госця.
Цяпер віцебскія музейшчыкі і архівісты рыхтуюць да выдання ў «Кніжнай лаўцы» зборнік дакументаў, прысвечаных Юрыю Пэну (сёлета адзначаецца 160-годдзе з дня нараджэння мастака). І на чытаннях слухачам далі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі аб удзеле Пэна ў юбілейнай выставе мастацтва народаў СССР у 1927 годзе — загадчык аддзела Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Уладзімір Коханко, з гісторыяй Віцебскай мастацкай выставы 1899 года на карысць Таварыства апекі аб дзецях — Людміла Хмяльніцкая.
Усе дзесяць дакладаў, якія прагучалі на XXIV Міжнародных Шагалаўскіх чытаннях, будуць апублікаваны ў чарговым «Бюлетэні Музея Марка Шагала».
Наталля Крупіца, "Віцьбічы"