XXIV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 9 па 13 ліпеня
Як адзначалася на пасяджэнні гарвыканкама, XXIV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 9 па 13 ліпеня, дадатковыя мерапрыемствы — 7, 8 і 14, 15 ліпеня. Геаграфія фестывалю ахоплівае пяць кантынентаў і з кожным годам пашыраецца за кошт новых краін-удзельніц.
Асноўная фестывальная падзея — XXIV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні. Ганаровае месца ў мерапрыемствах міжнароднага форуму зойме тэма маладосці ў кантэксце Года моладзі. Асаблівая ўвага будзе нададзена святкаванню 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якое знойдзе сваё адлюстраванне ў праектах Дня Саюзнай дзяржавы.
Завяршаецца заключэнне дагавораў з артыстамі, фарміруецца канцэртная праграма. Упершыню ў рамках фестывалю будуць арганізаваны фэст вулічных тэатраў, музыкаў, мастакоў і паэтаў «На сямі вятрах», інтэрактыўныя перформансы, вулічныя прадстаўленні і спектаклі. Будзе насычана разнапланавымі праектамі і выставачная праграма. У Летнім амфітэатры прапануецца правесці 17 канцэртных праграм, уключаючы 2 начныя канцэрты.
На пасяджэнні гарвыканкама абмяркоўвалі асноўныя напрамкі ўжо пачатай працы па падрыхтоўцы і правядзенні «Славянскага базару ў Віцебску-2015».
Зацверджаны арганізацыйны камітэт, план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю, план мерапрыемстваў па развіцці інфраструктуры і добраўпарадкаванні аб'ектаў горада, каб на высокім узроўні правесці гэты унікальны форум.
Неўзабаве ў продаж паступяць квіткі на канцэртныя праграмы фестывалю мастацтваў як у касы горада, так і ў сістэму анлайн.
Ніна Тулінава, "Віцьбічы"