XXIV навукова-практычная канферэнцыя «Комплексная абарона інфармацыі» у Віцебску: на варце кібербяспекі

XXIV научно-практическая конференция «Комплексная защита информации» в Витебске: на страже кибербезопасности
Інфармацыйную бяспеку ў Саюзнай дзяржаве абмяркоўваюць удзельнікі XXIV навукова-практычнай канферэнцыі «Камплексная абарона інфармацыі», якая праходзіць у Віцебску па лініі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Удзельнікі канферэнцыі сумесна з прадстаўнікамі абласной і гарадской улады наведалі мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, усклалі вянок і кветкі, аддаўшы даніну павагі загінулым саллдатам, партызанам і падпольшчыкам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, сустаршыня арганізацыйнага камітэта, старшыня камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Валерый Гайдукевіч адзначыў, што праблема абароны інфармацыі носіць глабальны характар. У якасці прыкладу ён прывёў факт мусіравання ў заходніх СМІ тэмы умяшання хакераў у выбары ЗША.

У прывітальных лістах, зачытаных ад імя Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты і ад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, гаварылася, што гэтая канферэнцыя з'яўляецца навуковай пляцоўкай для абмеркавання комплекснай абароны бяспекі навуковых, адукацыйных, вытворчых і дзяржаўных устаноў. У працэсе глабалізацыі і сцірання геаграфічных межаў узрастае роля забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, жыццё дыктуе неабходнасць выпрацоўкі сучасных ахоўных механізмаў на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. Улічваючы паглыбленне ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, варта ўдасканальваць механізм процідзеяння ўзнікаючым пагрозам, праводзіць сумесныя практычныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне інфармацыйнай бяспекі і ўзаемадзеянне па абароне нацыянальных інтарэсаў дзвюх дзяржаў.

Дырэктар Цэнтра даследавання праблем кадравага забеспячэння галіны інфармацыйнай бяспекі РТУ МІРЭА (Расія), доктар ваенных навук прафесар Уладзімір Лось падкрэсліў, што такія форумы, якія праходзяць па чарзе ў Расіі і Беларусі, дапамагаюць вырашаць актуальныя пытанні. Напрыклад, прынята праграма лічбавай эканомікі РФ, а ў Беларусі гэта зроблена некалькі гадоў таму. Ёсць федэральны праект па падрыхтоўцы рознага ўзроўню спецыялістаў у сферы інфармацыйнай бяспекі. Да 2020 года папоўняць рады 21 тыс. чалавек, што ў тры разы больш, чым іх маецца цяпер.

У Беларусі ў сакавіку 2019 года падпісана пастанова Савета Бяспекі «Аб канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Дакумент прадугледжвае комплексны падыход у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, служыць падставай для фарміравання дзяржаўнай палітыкі, канструктыўнага ўзаемадзеяння, кансалідацыі намаганняў і павышэння эфектыўнасці абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы.

Наватарствам дадзенай канферэнцыі стаў конкурс дакладаў маладых вучоных. Магістрант Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ягор Камоцкі працуе над ацэнкай абароненасці ператворанага ў лічбавую форму маўленчага сігналу ў каналах уцечкі інфармацыі. Тое, чым займаецца Ягор разам з загадчыкам кафедрый радыёэлектронікі ПДУ, доктарам тэхнічных навук прафесарам Уладзімірам Жалезняком, да нядаўняга часу лічылася сакрэтнай інфармацыяй. Расійскія калегі ў гэтым пытанні пайшлі далей, даследуючы разборлівасць тэксту на зашумленых выявах, пра што распавёў загадчык кафедры «Інфармацыйная бяспека» нацыянальнага даследчага ўніверсітэта МІЭТ, доктар тэхнічных навук прафесар Анатоль Харэў. У гутарцы з журналістамі Анатоль Анатольевіч падкрэсліў, што беларусы моцныя ў камп'ютарнай абароне інфармацыі, а расіяне – у тэхнічнай.

За ўклад у арганізацыю і правядзенне XXIV навукова-практычнай канферэнцыі дыпломамі ўзнагароджана група вучоных, у тым ліку Уладзімір Жалезняк.

Па выніках працы форуму плануецца выдаць зборнік матэрыялаў канферэнцыі.

"Віцебскія весці".