XXX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC-2017 адкрыўся ў Віцебску

XXX Международный фестиваль современной хореографии IFMC-2017 открылся в Витебске

Балетнае адажыа і яго канцэптуальную інтэрпрэтацыю віртуозна злучыў XXX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які сабраў у Віцебску выканаўцаў і аматараў гэтага віду мастацтва.

Такі мікс класічнага і танца модерн, прадстаўлены на першым канцэрце юбілейнага IFMC, у чарговы раз падкрэслівае шматграннасць фестывалю. За 30 гадоў форум прайшоў вялікі шлях, адкрыў для віцебскіх гледачоў розныя харэаграфічныя напрамкі, узгадаваў не адно пакаленне думаючых пастаноўшчыкаў і тэхнічных танцораў.

Пра гэта гаварыў на цырымоніі адкрыцця старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, які з асаблівай удзячнасцю адзначыў аўтараў і натхняльнікаў гэтага прэстыжнага не толькі для Віцебшчыны і Беларусі, але і для многіх еўрапейскіх краін праекта – Марыну Раманоўскую і Эдуарда Чарніўчана. Уладзімір Уладзіміравіч зачытаў таксама прывітанне старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва.

Гісторыям IFMC прысвечана выстава-інсталяцыя «Музей-архіў», дзе можна ўбачыць старыя афішы, фота і публікацыі. У холе Канцэртнай залы «Віцебск», дзе традыцыйна праходзіць фестываль, размясціліся экспазіцыі фатографа Ганны Маісеюк і мастака Аляксандра Салівончыка, які ўражвае экспрэсіяй сваіх палотнаў, што настройваюць на эмацыйнае, але ў той жа час і ўдумлівае ўспрыманне твора мастацтва, будзь то жывапіс ці танец.

Своеасаблівым падарункам юбіляру стала прэзентацыя фільма «Пасля цябе», дзе галоўную ролю танцора Аляксея Темнікова выканаў Сяргей Безрукаў. Артыст прыехаў у Віцебск разам з жонкай, аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам стужкі Ганнай Мацісон. На сустрэчу з гледачамі пасля кінасеанса прыйшоў і харэограф, мастацкі кіраўнік тэатра «Кіеў мадэрн-балет» Раду Поклітару, які таксама ўдзельнічаў у здымках фільма.

– Калі мне сказалі, што ў Сяргея будзе вялікае сола, я паставіўся да гэтага насторожана. Прадугледжвалася, што за яго будзе танцаваць прэм'ер Марыінскага тэатра Дзяніс Матвіенка, а з Безрукавым здымуць толькі буйныя планы. Тым не менш я прапанаваў яму вывучыць увесь нумар, каб ён разумеў, што за чым ідзе. Але калі я ўбачыў Сяргея на рэпетыцыі, зразумеў, што ён сам можа амаль цалкам выканаць кампазіцыю, і толькі на двух небяспечных труках яго замяніў прафесійны танцор, – падзяліўся ўражаннямі Раду Поклітару.

І хоць гэты фільм, як не раз падкрэслівалі яго аўтары, не пра балет, а пра чалавека, які перажывае асабістую драму і пераадольвае вымушанае творчае затворніцтва, Сяргей Безрукаў прызнаўся, што яму было важна, як ацэняць яго кінашную ролю прафесіяналы. І калі людзі з балетнага свету казалі, што ўсё, што адбываецца ў фільме, вельмі падобна на іх, яму было вельмі прыемна.

Так што на сцэну IFMC народны артыст Расіі выйшаў як прысвечаны ў дыяспару танцуючых і выканаў ганаровую місію – уручыў заснаваны спецыяльна да юбілейнага фестывалю прыз за значны ўклад у развіццё сучаснай харэаграфіі і адданасць творчай справе. Яго ўладальнікам стала кіраўнік народнага тэатра-студыі Цэнтра культуры «Віцебск» Дзіяна Юрчанка.

Творчым прэзентам танцавальнага форуму сталі выступленні знакамітых гасцей. Першымі на сцэну выйшлі вядучыя салісты Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, якія, як і абяцалі, выканалі па-дэ-дэ з балета Мінкуса «Дон Кіхот» і падарылі гледачам 30 плюс два фуэте.

Данс-спектакль «Песні апошняй травы» паказаў «Эксцэнтрык-балет» Сяргея Смірнова з Екацярынбурга. Гэты калектыў 14 гадоў таму з'явіўся ў Віцебску як удзельнік конкурснай праграмы, а сёння ён чатыры разы лаўрэат галоўнай тэатральнай прэміі Расіі «Залатая маска», розных міжнародных фестываляў.

– Для нас віцебская сцэна – намоленае месца, IFMC – своеасаблівая танцавальная матрыца ўсёй постсавецкай прасторы, – адзначыў тытулаваны харэограф.

Незабыўныя сустрэчы з высокім мастацтвам падарылі гледачам «Балет Масква», які станцаваў «Часы года».

На сёлетні год прыпадае нацыянальны конкурс, у ім удзельнічаюць 20 калектываў, тры з іх прадстаўляюць Віцебск. У складзе журы, якое ўзначальвае заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, народны артыст Малдовы Раду Поклітару, – вядомыя харэографы з Беларусі, Аўстрыі, Румыніі, Польшчы.

Свой вердыкт яны вынесуць у суботу ўвечары пасля прагляду нумароў, якія прайшлі ў фінал. Імёны пераможцаў стануць вядомыя на цырымоніі закрыцця XXX Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі. Пра гэта мы паведамім у наступным нумары.

"Віцебскія весці".