Моладзь – вялікі патэнцыял Беларусі, кажа Найджэл Гоўлд-Дэвіс

МIНСК, 1 верасня (БелТА) – Высокі інтэлектуальны патэнцыял сваёй моладзі – гэта вялікая перавага Беларусі, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Найджел Гоулд-Дэйвіс на прэс-канферэнцыі з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі. Паводле слоў Пасла, Беларусь, як і іншыя краіны, адчула на сабе ўплыў сусветнага эканамічнага крызісу. Жыццёва важна, каб краіны не закрывалі свае рынкі адна ад адной. Невыпадкова адкрыліся новыя магчымасці для Беларусі з боку ЕС і іншых арганізацый, такіх як МВФ, Сусветны банк, адзначыў дыпламат. Паводле Найджела Гоулд-Дэйвіса, крызіс прымушае краіны прымаць складаныя і балючыя рашэнні. Пасля крызісу будзе больш абмежаванняў, чым было да яго, і канкурэнцыя стане больш жорсткай. Нам спатрэбіцца ўсё, што мы можам зрабіць, каб застацца на тым жа месцы. Паводле слоў Пасла, у Беларусі ёсць адна вялікая перавага. Гэта яе моладзь. Найджел Гоулд-Дэйвіс сказаў, што быў вельмі ўражаны сумленнасцю, здольнасцямі і працоўнай этыкай беларускай моладзі. Моладзь – гэта вялікі патэнцыял Беларусі, лічыць дыпламат. Паводле слоў дыпламата, усё больш міжнародных кампаній, у тым ліку Лонданская фондавая біржа, размяшчаюць заказы на распрацоўку праграмнага забеспячэння ў Беларусі. Беларусь распрацоўвае праграмнае забеспячэнне для найбуйнейшага фінансавага цэнтра свету, дадаў Найджел Гоулд-Дэйвіс.