«За бяспеку разам»: у Віцебску прайшоў семінар-практыкум для спецыялістаў па ахове працы і пажарнай бяспецы
15 верасня 2017 года ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама на базе цэнтра бяспекі ўстановы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС» праведзены семінар-практыкум «Папярэджанне траўматызму і гібелі людзей ад знешніх прычын» для спецыялістаў па ахове працы і пажарнай бяспецы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму вобласці.
Адкрыццём семінара стала экскурсія па цэнтры бяспекі з элементамі практычнага занятку, якую правёў інспектар цэнтра Андрэй Жукаў.
Удзельнікі семінара азнаёміліся з апаратна-праграмным комплексам цэнтра, атрымалі магчымасць папрацаваць на трэнажорах-сімулятарах, з дапамогай якіх адпрацоўваюцца практычныя навыкі выратавання людзей, карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння, выкліку экстранных службаў, эвакуацыі з задымленага памяшкання.
Сумесная праца ўпраўлення адукацыі з іншымі абласнымі ведамствамі і структурамі (упраўленне МНС, упраўленне аховы здароўя, упраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, УУС і г.п.) ужо даўно стала традыцыйнай і дае свае вынікі ў вырашэнні важных пытанняў.
Як адзначыла ў сваім выступленні вядучы спецыяліст упраўлення адукацыі Марына Карунная: «Забеспячэнне бяспекі – гэта комплекс мер у стварэнні ўмоў, якія забяспечваюць захаванне жыцця і здароўя выхаванцаў, навучэнцаў і работнікаў, які павінен ажыццяўляцца сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых суб'ектаў прафілактыкі».
Аб папярэджанні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый на аб'ектах адукацыі і ў побыце распавёў начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі ўстановы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС» Аляксандр Сычоў, а таксама правёў навучанне дзеянням у выпадку іх узнікнення.
Галоўны дзяржаўны інспектар працы Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Алег Беразняк прааналізаваў стан вытворчага траўматызму ў Віцебскай вобласці і асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў, якія адбываюцца з працуючымі, абазначыў шэраг
мераў, неабходных для паляпшэння ўмоў працы і зніжэння траўматызму на вытворчасці.
Падводзячы вынікі семінара галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Святаслаў Рачынскі ўказаў на неабходнасць удасканалення сістэмы навучання па пытаннях бяспекі, надаючы ўвагу практычнай накіраванасці праводзімых прафілактычных мерапрыемстваў, умацавання вытворчай дысцыпліны і павышэння адказнасці за забеспячэнне бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі.
Упраўленнем плануецца працягнуць практыку правядзення семінараў і практычных заняткаў на базе цэнтра бяспекі ўстановы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС» з іншымі катэгорыямі работнікаў адукацыі вобласці.
Марына Карунна, вядучы спецыяліст упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.