За бяспекай у грамадскіх месцах Віцебска разам з праваахоўнікамі будуць сачыць відэакамеры

Зараз адпаведнае абсталяванне ўстаноўлена толькі на плошчы Перамогі ў абласным цэнтры. Аднак органы міліцыі настойваюць: гэтыя сродкі трэба выкарыстоўваць значна шырэй, што дапаможа ў вырашэнні пытанняў прафілактыкі і расследавання правапарушэнняў. Лепш папярэдзіць праблему, чым «расхлёбваць» яе горкія наступствы. Ды і грамадзяне ў большай ступені будуць адчуваць сябе абароненымі.


Выкананню Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2010-2012 гады і Праграме па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Віцебскай вобласці на 2012 год, іх аналізу было прысвечана чарговае пасяджэнне аблвыканкама. Як адзначыў пракурор вобласці Генадзь Дыска, дзейнасць праваахоўных органаў і ўсіх зацікаўленых структур у гэтым годзе была сканцэнтравана на канкрэтных праблемах. Асноўнае новаўвядзенне – стварэнне Следчага камітэта і яго ўдзел у рабоце па забеспячэнні бяспекі. У цэлым удалося дасягнуць значнага зніжэння ўзроўню злачыннасці. За час дзеяння праграмы паменшылася колькасць забойстваў, разбойных нападаў, рабаванняў, фактаў вымагальніцтва. Узровень злачыннасці за 10 месяцаў на 10 тысяч чалавек склаў 84,1 (па рэспубліцы гэты паказчык 89,6), на 21 працэнт менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Разам з тым сітуацыя па рэгіёнах розная. Найбольш сумная карціна ў Докшыцкім, Віцебскім, Аршанскім раёнах. У Шаркаўшчыне вялікая доля правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення. У шасці раёнах назіраецца рост рэцыдыву. На жаль, толькі 43 працэнты крадзяжоў раскрываецца. Гэтая праблема асабліва актуальная для Віцебска, Оршы і Полацка. Зафіксавана 309 карупцыйных злачынстваў, з іх 41 працэнт – злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, 37 працэнтаў – факты хабарніцтва.


Адно з, мабыць, самых балючых пытанняў – барацьба з п'янствам. Кожнае трэцяе злачынства ў вобласці здзяйсняецца асобамі ў нецвярозым стане. Хоць пры гэтым  менш, чым у 2011-м, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы. Але менавіта пад уздзеяннем зялёнага змея многіх пачынае «цягнуць» на прыгоды. Адсюль і факты траўматызму на працоўным месцы, і крадзяжы на прадпрыемствах, дзе ўсё ахоўвае нецвярозы вартаўнік. Па-першае, на думку губернатара, такія выпадкі павінны быць тэрмінова выключаны. Калі засталі нецвярозага на працоўным месцы – адправіць у ЛПП, даць шанец выправіцца. Не хоча працаваць і атрымліваць грошы – значыць, трэба звальняць. Зрэшты, у крадзяжах на прадпрыемствах вінаваты не толькі вартаўнікі, але і кіраўнікі, якія не забяспечылі запорнымі прыладамі дзяржаўную маёмасць. Дысцыпліну ў гэтым плане трэба ўзмацніць. Насцярожвае і той факт, што парадку 79 працэнтаў пажараў адбываецца з-за «п'янага» курэння. У сувязі з гэтым зноў  уздымалася пытанне скарачэння выпуску пладова-ягадных він на Віцебшчыне. Аляксандр Косінец даручыў на працягу 2013-2014 года арганізаваць замяшчэнне вытворчасці, як, да прыкладу, гэта ўжо зрабіў завод у Талочыне, наладзіўшы выпуск він палепшанай якасці. Аднак не варта забываць і пра выхаваўчую працу ў калектыве. Няма ў многіх у нашым грамадстве элементарнага – культуры піцця. 


У выніку ад такіх няшчасных бацькоў пакутуюць і дзеці. На жаль, у Прыдзвінне больш за 2 тысячы непаўналетніх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У гэтым пытанні старшыня аблвыканкама даручыў неадкладна разабрацца. Бяспека дзяцей – самае галоўнае. У тым ліку і на дарозе. Таму трэба стварыць каля ўсіх устаноў адукацыі належныя ўмовы па ахове жыццядзейнасці дзяцей.


Па-ранейшаму востра стаіць пытанне правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі.  Насцярожвае той факт, што 189 крадзяжоў здзейснена непаўналетнімі, 32 з іх нідзе не вучацца. Трэба звярнуць пільную ўвагу на занятасць падлеткаў, у тым ліку і ў пазаўрочны час.


Незадаволены Аляксандр Мікалаевіч і працай патрульна-паставой службы.
– Трэба будзе конная міліцыя, скутэры – дапаможам. Вы прасілі 21 машыну – 13 мы ўжо купілі. Паставім і камеры відэаназірання, дзе неабходна. Але тады будзьце ласкавыце забяспечыць бяспеку. Актыўней да вырашэння дадзеных пытанняў трэба падключацца грамадскасці: добраахвотным дружынам, моладзевым атрадам аховы правапарадку. 
Начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Ігару Явсееву рэкамендавана таксама даць ацэнку дзейнасці начальнікаў АУС, звярнуць увагу на кадры. На жаль, у органах зараз адчуваецца іх недахоп. Участковым інспектарам трэба дапамагчы вырашыць жыллёвае пытанне. Мясцовыя ўлады гатовыя падставіць плячо. Бо бяспека кожнага жыхара – гэта агульнае пытанне, у якім няма старонніх.


Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «ВР»