За два гады ААТ «Пастаўскі малочны завод» інвеставала ў развіццё сваёй сыравіннай зоны 11,3 мільёна рублёў

Пастаўскае аграпрамысловае аб'яднанне лідзіруе сярод роўных у Віцебскай вобласці

«Калі не будзе ад зямлі аддачы — ад ферм, машынных двароў, збожжатокаў, калі там не будзе арганізацыі і аддачы, ніякія холдынгі не выратуюць», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы ў лістападзе 2019 года на нарадзе па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Літаральна праз некалькі месяцаў прыняты Указ № 70, які паслужыў адпраўной кропкай развіцця ў паўночным рэгіёне сямі аграпрамысловых аб'яднанняў (АПА). Некаторыя з іх існавалі і раней, называліся інтэграцыйнымі структурамі. Запусціць кола маштабных пераўтварэнняў аказалася няпроста, але задача выканальная. Па словах Прэзідэнта, стварэнне аграпрамысловых аб'яднанняў — правільная стратэгія.

«Таму інтэграцыйным структурам у Віцебскай вобласці быць. І няма чаго тут сёння гаварыць пра тое, што гэта няправільна, што не гэтым шляхам трэба было ісці. А якім? Які яшчэ ёсць шлях для канцэнтрацыі прыбытку?» — задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы ў жніўні гэтага года на чарговай нарадзе па рабоце АПА, а праходзіла янау Пастаўскім раёне.

Унікальнасць створанага там аграпрамысловага аб'яднання ў тым, што яно невялікае па колькасці сельгаспрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад, яго межы не выходзяць за межы раёна. Але самае галоўнае, па ўсіх асноўных паказчыках ідзе з апярэджаннем да ўзроўню мінулага года, лідзіруе сярод роўных у вобласці.


Указ Прэзідэнта №70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці» дало магчымасць рэструктурызаваць запазычанасці вяскоўцаў, гарантаваць адтэрміноўку, растэрміноўку выплат. Асаблівых фінансавых бонусаў заводу стварэнне АПК не дало, бо запазычанасці ў іх і не было. А вось для сельгаспрадпрыемстваў гэта стала выратаваннем: не здарыся пераўтварэнняў, тры з пяці, цалкам верагодна, ужо сышлі б у гісторыю, бо на момант аб'яднання апынуліся неплацежаздольнымі.


Дапамаглі вырашыць фінансавыя праблемы, іншымі словамі, дазволілі гаспадаркам пачаць працу з чыстага ліста. За час дзеяння ўказа больш не ўзнікла пытанняў па бягучай аплаце за электраэнергію, узносах у Фонд сацыяльнай абароны, выплаце заработнай платы, выплаце падаткаў і гэтак далей. Сёння ў складзе АПА ўжо сем гаспадарак. 

Набылі 60 адзінак сучаснай айчыннай сельгас­тэхнікі. Нешта перадалі ў арэнду гаспадаркам, на заводзе стварылі магутны механізаваны атрад. Таксама арганізавалі цэнтралізаваны аддзел закупак. Адгэтуль вяскоўцам не трэба самім нешта шукаць. Галаўное прадпрыемства закупляе для ўсіх адразу і перапрадае гаспадаркам пад 1 працэнт ад атрыманага прыбытку, напрыклад, сродкі аховы раслін, стрэтч-плёнку для сенажу, насенны матэрыял, ветпрэпараты.

Па словах дырэктара ААТ «Пастаўскі малочны завод» Канстанціна Гайлеўскага, у аграпрадпрыемствах ураджайнасць азімых трыцікале, пшаніцы сёлета ў сярэднім перавысіла 30 цэнтнераў з гектара. Па яравых паказчык крыху ніжэйшы, разам з тым у сярэднім на круг атрымалі 27 цэнтнераў. Раней ледзь дацягвалі да 20. Адна з прычын росту — своечасовае ўнясенне неабходнай колькасці ўгнаенняў, паляпшэнне рэпрадукцыі насення. Можна прывесці і яшчэ адзін яскравы прыклад: восенню закупілі больш фосфарных угнаенняў, дзякуючы гэтаму пад ураджай 2023-га змаглі павялічыць пасяўныя плошчы азімага ячменю да 850 гектараў, то бок у восем разоў.


У цэлым жа аграрыі АПА сёлета намалацілі 30 тысяч тон збожжа — 150 працэнтаў да ўзроўню 2021-га. Лепшы паказчык за тры гады. Рапсу атрымалі на тысячу тон менш, бо 60 працэнтаў азімых пасеваў пасля вясновых замаразкаў загінула. Пры гэтым летась сабралі рэкордны ўраджай.

Канстанцін Гайлеўскі адзначае, што з вясны 2020-га малочны завод уклаў у развіццё сыравіннай зоны 11,3 мільёна рублёў, з іх 6,3 мільёна летась, за дзевяць месяцаў гэтага — 1,86 мільёна. Змяншэнне выдаткаў кажа пра тое, што гаспадаркі сталі фінансава мацнейшымі, а ўкладанні даюць аддачу. У сельгаспрадпрыемстваў, якія знаходзіліся на мяжы закрыцця, да 120працэнтаў тэмп росту, напрыклад, па малаку. Павялічыліся прывагі буйной рагатай жывёлы, таварнасць малака, ураджайнасць сельскагаспадарчых культур, аб'ёмы нарыхтаваных травяных кармоў.



Усё гэта добра, але галоўнае пытанне: сыравіны на заводзе стала больш? Павелічэнне відавочнае, хоць змены не такія маштабныя. Сыравінная зона ў сярэднім забяспечвае каля 56 працэнтаў ад неабходнай колькасці малака ў суткі. Летам паказчык быў вышэйшы. Недастатковыя аб'ёмы, а гэта амаль 100 тон у суткі, закупляюць за межамі раёна. Пры гэтым у цэлым па годзе вытворчыя магутнасці загружаны на 100 працэнтаў.

За час дзеяння АПА сумарнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы прырасло больш чым на 2000 галоў, у тым ліку 288 прыбавілі ў 2022-м. У ААТ «Янавіца-Агра» пабудавалі каркасна-тэнтавае збудаванне для ўтрымання 200 галоў моладзі. Рэканструявалі малочна-таварную ферму на 160 галоў з беспрывязным утрыманнем жывёлы. І на гэта завод затраціў усяго 23 тысячы рублёў.



Незаверстаная будоўля прастаяла дзесяць гадоў, хоць завяршыць працу аказалася не так і складана. Пагалоўе ў сельгаспрадпрыемстве ў агульнай складанасці павялічылі на 600 галоў. Адпаведна, пайшла ў рост і вытворчасць малака.

І іншым гаспадаркам завод таксама дапамагае ўзводзіць прафілакторыі, рэканструяваць фермы. У «Камайскім-Агра» завяршаецца будаўніцтва малочна-таварнага комплексу пабліз вёскі Буцэвічы на 1200 галоў з даільнай залай, якое пачалося паўтара года таму. Дакладней, перараблялі недабудаваны рэпрадуктар для свінакомплексу. У агульнай складанасці затрацілі каля 10 мільёнаў рублёў, з іх 4 — сродкі завода.

Работы вядуцца гаспадарчым спосабам, дапамагаюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Па словах Канстанціна Гайлеўскага, вялікую ролю ў дасягненні поспеху АПА адыгрываюць дапамога і падтрымка раённай улады, узгодненасць дзеянняў і зацікаўленасць у тым,каб дабіцца найвышэйшага выніку.



Акрамя таго, завод будуе сваю ферму на 440 кароў пабліз вёскі Юнькі. Плануе пераўтварыць даўгабуд у будучы комплекс з даільнай залай, дзе будуць стаяць высокаўдойныя буранкі.

Пастаўскі малочны завод вырабляе прадукцыю, якая карыстаецца попытам за межамі краіны, экспарт да ўзроўню мінулага года — 145 працэнтаў. Таму і патрабаванні да якасці сыравіны высокія.

— Каньюнктура рынку сёлета склалася спрыяльная. Мы выпускаем лінейку запатрабаванай на ўнутраным рынку суцэльнамалочнай прадукцыі, яе аб'ём у структуры вытворчасці — 16 працэнтаў, дзясяткі гатункаў сыру, 90 працэнтаў іх пастаўляем у Расію, — распавядае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Святлана Германовіч.

Яшчэ адно пытанне, на якое звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Пастаўскага раёна, — фірменны гандаль. Узавода восемь крамаў у горадзе, яшчэ адну адкрылі ў аграгарадку. Прыбытак прыносяць вялікі. Для сваіх работнікаў — мінімальныя нацэнкі, а гэта таксама важкі плюс.


— У Пскове прадукцыя ідзе нарасхват. Плануем арганізоўваць выязны гандаль у выхадныя дні, у перспектыве разглядаем магчымасць адкрыцця гандлёвага дома. У гэтым месяцы паставіліу Расію 630 тон сыру, калі б больш вырабілі, усё рэалізавалі б. Па сметанковым алеі паступаючыя заяўкі не паспяваем выконваць, — падкрэслівае Канстанцін Гайлеўскі.

Вынік паспяховых рашэнняў — нязменны рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. За дзевяць месяцаў гэтага года — 107,3 працэнта да ўзроўню 2021-га, тэмп росту выпуску прамысловай прадукцыі — 142 працэнты. Рэнтабельнасць вытворчасці гатовай прадукцыі — 26 працэнтаў, такім чынам, завод атрымаў каля 12,8 мільёна чыстага прыбытку.