За парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства трэба штрафаваць не прадпрыемствы, а кіраўнікоў - У.Цалко
17 студзеня, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко лічыць неабходным шырэй прымяняць штрафныя санкцыі да кіраўнікоў і чыноўнікаў за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не прадпрыемствы трэба караць, а кіраўнікоў", - перакананы міністр. У якасці прыкладу ён прывёў дзейнасць Верхнядзвінскага масласырзавода, дзе на працягу года не працуюць ачышчальныя збудаванні. Малочная сыроватка скідаецца ў раку, за што велізарныя штрафныя санкцыі накладаюцца на прадпрыемства. Аднак, на думку Уладзіміра Цалко, прычынай парушэння прыродаахоўнага заканадаўства з'яўляецца бяздзейнасць кіраўнікоў. "Закон на баку тых, хто ахоўвае прыроду, трэба не баяцца яго выкарыстоўваць", - падкрэсліў ён.
Міністр падвергнуў крытыцы работу раённых інспекцый аховы прыроды ў Віцебскай вобласці за лаяльнае стаўленне да парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Паводле яго слоў, інспектары не ў поўнай меры выкарыстоўваюць свае правы па закрыцці шкодных вытворчасцей, накладанні максімальных штрафаў на парушальнікаў. "Трэба праяўляць характар. Не трэба быць лагоднымі за кошт будучых пакаленняў", - заявіў Уладзімір Цалко.-0-