За пажаранебяспечнай абстаноўкай у лесе сочаць з зямлі і з неба

Пажаранебяспечная абстаноўка, якую стварае анамальная спёка, прымушае МНС вобласці ў бесперапынным рэжыме маніторыць аб'екты павышанай небяспекі.

– Гэта не толькі лясы і тарфянікі, але і населеныя пункты, прадпрыемствы, базы адпачынку, санаторыі і дзіцячыя лагеры, размешчаныя ў лясной зоне і паблізу тарфянікаў. А таксама сельскагаспадарчыя аб'екты, – растлумачыў журналістам на нядаўнім брыфінгу першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Алік Ганчароў. – Каля 80 адзінак пажарнай тэхнікі з баявымі разлікамі штосутачна дзяжураць у полі, сочаць за камбайнамі. У цяперашні час у нашай вобласці загаранняў на аб'ектах уборкі збожжавых культур не зарэгістравана, але было 3 пажары кормаўборачнай тэхнікі.

Акрамя таго, органы Дзяржпажнагляду правялі 3 жніўня пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы на 270 аб'ектах у зоне рызыкі. У выніку на 33 з іх былі выяўлены парушэнні, а яшчэ на 41 аб'екце недахопы ўстаранены непасрэдна падчас праверкі.

Для своечасовага выяўлення пажараў і загаранняў на пешыя маршруты абыходу лясных масіваў заступаюць каля 1360 леснікаў і егераў, ажыццяўляецца і аб'езд замацаваных тэрыторый на матацыклах. У лясных масівах маецца 78 пажарна-назіральных вышак і мачт, на 11 устаноўлены камеры відэаназірання за лесам. Паветранае патруляванне тэрыторый вобласці ажыццяўляюць 1 верталёт і 4 самалёты. Таксама ў Віцебскім УМНС створана няштатная выратавальная парашутна-дэсантная група.

Узмоцнены рэжым нясення службы працягнецца да асаблівага распараджэння, якое паступіць толькі пасля багатага выпадзення ападкаў і зніжэння тэмпературы.

Кацярына Князева,"Віцебскія весці"