Захворнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Віцебскай вобласці зніжаецца

У Віцебскай вобласці адзначаецца станоўчая дынаміка па зніжэнні ўзроўню захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі на пасяджэнні абласнога штаба па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса і абароне насельніцтва.

"Захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Віцебскай вобласці па-ранейшаму мае станоўчую дынаміку да зніжэння. Выключэнне тут толькі Браслаўскі раён. У структуры хворых складаюць 68% дарослыя і 32% - дзеці", - адзначыў Міхаіл Вішневецкі.

Па яго словах, за апошнія двое сутак у рэгіёне выпадкаў заражэннем каранавіруснай інфекцыяй стала больш. Але за выхадныя гэты рост стаў у два разы меншы, чым у папярэднія дні. "Колькасць інфікаваных усё роўна будзе павялічвацца, але гэта дае магчымасць медыцынскім работнікам пераразмеркаваць свае сілы", - сказаў Міхаіл Вішневецкі.

Начальнік аблздрава запэўніў, што лекаў, дэзынфекцыйных сродкаў і індывідуальнай абароны ва ўстановах аховы здароўя дастаткова. З медперсаналам праводзяцца трэнінгі, каб мінімізаваць выпадкі заражэння сярод медыкаў.

Старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна распавяла, што ажыятаж на куплю масак спаў. "На сённяшні дзень гэтых вырабаў дастаткова ў аптэках. Прадпрыемствы працягваюць адшываць маскі, халаты, ахоўныя камбінезоны", - дадала яна.

Дапамогу ў забеспячэнні медыкаў аказваюць жыхары рэгіёну, ідзе спонсарская дапамога. У вобласць паступяць і сродкі абароны, адпраўленыя ў Беларусь з іншых краін у якасці гуманітарнай дапамогі.

БЕЛТА.