Забалевальнасць туберкулёзам у Віцебскай вобласці штогод зніжаецца на 2%

18 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Захворванне на туберкулёз у Віцебскай вобласці штогод зніжаецца ў сярэднім на 2%. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню барацьбы з туберкулёзам, галоўны пазаштатны фтызіятр Віцебскай вобласці, галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага туберкулёзнага дыспансера Святлана Гапановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Станоўчая тэндэнцыя прасочваецца ў рэгіёне з 2005 года. Пры гэтым не зафіксавана выпадкаў выяўлення генералізаваных формаў туберкулёзу, у прыватнасці менінгіту. Адзначаюцца адзінкавыя выпадкі захворвання на ранніх стадыях дзяцей да 18 гадоў, медработнікаў. Паказчык смяротнасці ад гэтага захворвання за мінулы перыяд знізіўся больш чым на 30%, а сярод усіх прычын смяротнасці на туберкулёз прыпадае менш за 0,5%, канстатавала галоўны фтызіятр вобласці. У 2010 годзе ў Віцебскай вобласці на туберкулёз захварэлі 464 чалавекі, што на 22 менш у параўнанні з папярэднім годам, выяўлена сем выпадкаў захворвання сярод дзяцей і падлеткаў. Святлана Гапановіч таксама акцэнтавала ўвагу на значнасці рэгулярнага праходжання флюараграфіі, якая дапамагае выявіць захворванне на ранніх стадыях. "У Віцебскай вобласці штогод гэтай формай абследавання ахопліваецца больш за 80% дарослага насельніцтва. Напрыклад, летась гэты паказчык склаў 85,4%. Пры гэтым у сельскай мясцовасці практыкуецца суцэльны метад абследавання", - адзначыла яна. Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам адзначаецца па рашэнні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў дзень, калі ў 1882 годзе нямецкі мікрабіёлаг Роберт Кох абвясціў аб зробленым ім адкрыцці ўзбуджальніка туберкулёзу. У 1993 годзе СААЗ абвясціла туберкулёз нацыянальным бедствам, а 24 сакавіка - Сусветным днём барацьбы з туберкулёзам.-0-