Клопат аб ветэранах павінен выяўляцца ў адраснай дапамозе кожнаму з гэтых унікальных людзей - Ягораў

Клопат аб ветэранах павінен выяўляцца ў адраснай дапамозе кожнаму з гэтых унікальных людзей. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Віцебскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Генадзь Ягораў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ў Віцебску прадстаўнікі мясцовай улады, ветэранскіх арганізацый і прафсаюзаў павіншавалі з 95-годдзем ветэрана ВАВ, удзельніка параду Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве, легендарнага лётчыка Паўла Філіпавіча Бавыкіна.

Генадзь Ягораў падкрэсліў, што Павел Філіпавіч - унікальны чалавек. "Ён адзін з трох удзельнікаў параду Перамогі, што засталіся ў Віцебску. Лётчык, узнагароджаны шасцю баявымі ордэнамі, які лятаў усю вайну на ІЛ-2 і штурмавіку. З палкоў з першага прызыву заставаліся ў жывых тры-чатыры чалавекі", - сказаў Генадзь Ягораў.

Ён таксама падкрэсліў, што пытанні сацыяльнай абароны ветэранаў вайны ў Беларусі вырашаюцца паспяхова, матэрыяльна яны забяспечаны. "Гэтыя людзі больш маюць патрэбу ў чалавечай увазе і клопаце. І гэта самае малое, чым мы можам аддзячыць за гераізм і подзвіг, які яны здзейснілі", - падкрэсліў Генадзь Ягораў.

У Віцебскай вобласці цяпер пражывае 571 адзінокі ветэран вайны, 14 з іх знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах. Усяго на 1 студзеня ў рэгіёне пражывалі 3 тыс. 154 ветэраны вайны, 2 тыс. 171 непасрэдны ўдзельнік баявых дзеянняў і 504 інваліды вайны.

Алена Ціханава