Заданне дня: вырабіць і рэалізаваць запатрабаваную прадукцыю - Н.Н.Шарснёў

На субяседу да старшыні аблвыканкама ў сувязі з прызначэннем на пасады і ўзгадненнем падаўжэння кантрактаў у межах ”кадравага дня“ на бягучым тыдні былі запрошаны 17 кіраўнікоў. Чацвёра з іх прыйшлі на змену ранейшым гаспадарнікам і ўзначалілі прадпрыемствы. Усе яны маюць салідны вопыт профільнай працы, добра знаёмыя з сітуацыяй і праблемамі ў сваіх галінах.

На субяседу да старшыні аблвыканкама ў сувязі з прызначэннем на пасады і ўзгадненнем падаўжэння кантрактаў у межах ”кадравага дня“ на бягучым тыдні былі запрошаны 17 кіраўнікоў.

Чацвёра з іх прыйшлі на змену ранейшым гаспадарнікам і ўзначалілі прадпрыемствы. Усе яны маюць салідны вопыт профільнай працы, добра знаёмыя з сітуацыяй і праблемамі ў сваіх галінах.

У прыватнасці, былы намеснік генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства ”СветлагорскХімвалакно“ Андрэй Бунакоў адгэтуль будзе кіраваць ”ПолацкШкловалакном“.

Леанід Сакалоў да пераходу на пасаду генеральнага дырэктара рэспубліканскага вытворчага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства па племянной справе ”Віцебскае племпрадпрыемства“ працаваў першым намеснікам у свайго папярэдніка.

Адкрытае акцыянернае таварыства ”Жвіранка“ Шаркаўшчынскага раёна даверана Пятру Ананьку, былому кіраўніку сялянска-фермерскай гаспадаркі ”Запрудскае“ Глыбоцкага раёна.

У рады дырэктарскага корпуса сельгаспрадпрыемстваў з пасады начальніка ўчастка лінейнай дарожнай дыстанцыі Гарадоцкага філіяла дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 31 рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства ”Віцебскаўтадар“ пераведзены Анатоль Андрэеў. Ён узначаліў камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства ”Сцяпанавічы“ Гарадоцкага раёна.

Яшчэ адно новае прызначэнне тычыцца выканаўчай вертыкалі. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Вольга Вялічка ўзгоднена на пасаду намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях.

Не ўзгоднена працягванне кантракту з дырэктарам ААТ ”Лепельскі малочнакансервавы камбінат“ Аляксандрам Міхайлоўскім.

Звяртаючыся да прысутных кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, кіраўнік вобласці акцэнтаваў іх увагу на неабходнасці канцэнтраваць намаганні для павышэння эфектыўнасці працы. Не справа, калі выручка на аднаго працуючага ў большасці сельскагаспадарчых арганізацый не перавышае 150 млн. рублёў у год. Зарплата і падаткі практычна цалкам ”з'ядаюць“ гэтыя сумы, не пакідаючы сродкаў для далейшага развіцця. У якасці станоўчага прыкладу Мікалай Шарстнёў зноў прывёў СПК ”Ларынаўка“ Аршанскага раёна, дзе гэты паказчык складае больш за 742 млн. рублёў у год.

Ад дырэктараў прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць малочную прадукцыю, старшыня аблвыканкама запатрабаваў выключэння схемы паставак прадукцыі на расійскі рынак праз пасрэднікаў і ўстанаўлення прамога выхаду на спажыўцоў. Цяперашняя практыка ўключэння ў ланцужок збыту пасрэдніцкіх паслуг гандлёвых дамоў прыводзіць толькі да падаражання ”малочкі“ і зніжэння яе канкурэнтаздольнасці па цэнавым фактары.

На эфектыўнасць рэалізацыі прадукцыі кіраўнік вобласці арыентаваў і прамыслоўцаў, зрабіўшы ўпор на неабходнасць пашырэння наяўных і пошук новых рынкаў збыту.

Людміла Мышлёнак,

галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення

ідэалагічнай работы, культуры

і па справах моладзі аблвыканкама