Заказнік "Асвейскі" і нацыянальны парк "Себежскі" распрацавалі трансгранічны турыстычны маршрут

26 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Асвейскі" (Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць) і Нацыянальны парк "Себежскі" (Пскоўская вобласць, Расійская Федэрацыя) распрацавалі першы трансгранічны турыстычны маршрут. Аб гэтым сёння карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар заказніка Ігар Раманюк. Праект прадугледжвае стварэнне 35-кіламетровага воднага шляху па тэрыторыі дзвюх ахоўных сумежных тэрыторый, з прыпынкамі, намётавым мястэчкам і стаянкай для каноэ. Па жаданні водных турыстаў іх змогуць прыняць у аграэкасядзібах. Праграма маршруту была прадстаўлена і знайшла падтрымку еўрапейскіх фондаў тэхнічнай дапамогі на рабочай сустрэчы кіраўнікоў асабліва ахоўных тэрыторый прыгранічных абласцей Беларусі, Расіі і Украіны. Па словах Ігара Раманюка, беларуска-расійскі праект - адзіны, які быў прыняты да выканання. Цяпер распрацоўшчыкам маршруту трэба будзе ўдакладніць дэталі і аформіць заяўку. Фінансаванне праекта еўрапейскі фонд плануе пачаць у жніўні бягучага года. Як адзначыў Ігар Раманюк, супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх асабліва ахоўных тэрыторый прадугледжвае не толькі развіццё трансгранічнага турызму, але і супрацоўніцтва ў навуковай і прыродаахоўнай дзейнасці. У пачатку чэрвеня прадстаўнікі расійскага заказніка азнаёмяцца з дзейнасцю асвейскіх калег па абароне тэрыторый ад пажараў. Планамі кіравання тэрыторыямі прадугледжваецца атрыманне імі статусу трансгранічнага Рамсарскага ўгоддзя. Заказнік "Асвейскі" уяўляе сабой буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот. Яго плошча складае больш за 27,7 тыс.га. З 2002 года заказніку прысвоены статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (Рамсарскае ўгоддзе). У межах заказніка зарэгістравана 164 віды гняздуючых птушак (36 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі). Возера і навакольныя тэрыторыі з'яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд вяснова-восеньскай міграцыі. У заказніку насяляюць 3 віды млекакормячых (буры мядзведзь, барсук, рысь) і 16 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу рэспублікі. З рэдкіх раслін батанікі вылучаюць гібрыдныя формы вольхі клейкай і вольхі шэрай, высокаствольныя формы карэльскай бярозы, буйную папуляцыю гарлачыка малога і рэдкую рэліктавую насекомоядную расліну альдрованда пухірчатая. Нацыянальны парк "Себежскі" - асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя федэральнага ўзроўню, заснаваны ў 1996 годзе, размяшчаецца на плошчы 50 тыс.га на водападзеле басейна рэк Заходняя Дзвіна і Вялікая. Уяўляе сабой мноства азёр, злучаных рэкамі і пратокамі. У флоры адзначана 700 відаў раслін. Сустракаюцца рэдкія і знікаючыя віды птушак - чорны бусел, скопа, змееяд, арлан-белахвост.-0-