Заказнік «Асвейскі» мае намер у 2011 годзе атрымаць ад турыстычнай дзейнасці каля Br20 млн.
17 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Заказнік рэспубліканскага значэння "Асвейскі" (Верхнядзвінскі раён) мае намер у 2011 годзе атрымаць ад турыстычнай дзейнасці каля Br20 млн. Аб гэтым сёння на калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведаміў дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Асвейскі" Ігар Раманюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дзякуючы вялікай колькасці птушак і жывёл, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, цікаваму ландшафту мясцовасці, буйным натуральным азёрам да заказніка праяўляюць цікавасць айчынныя і замежныя навукоўцы і простыя аматары прыроды. На тэрыторыі заказніка распрацаваны водны маршрут па Асвейскім возеры і пешы па востраве на гэтым возеры. Сумесна з Себежскім нацыянальным паркам (Расія) распрацавана першая ў Беларусі і Расіі трансгранічная водная экалагічная сцежка "Гандлёвы шлях купца Навінскага". Маршрут пралягае па суседніх тэрыторыях і разлічаны на тры дні. Прома-тур новага беларуска-расійскага турмаршруту адбыўся ў мінулым годзе.
У 2010 годзе заказнік атрымаў ліцэнзію на ажыццяўленне турыстычнай дзейнасці, правёў 20 экскурсій і зарабіў Br1,3 млн.
Заказнік "Асвейскі" уяўляе сабой буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот. Яго плошча складае больш за 27,7 тыс.га. З 2002 года заказніку прысвоены статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскае ўгоддзе). У межах заказніка зарэгістравана 164 віды гняздуючых птушак (36 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі). Возера і навакольныя тэрыторыі з'яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд вяснова-восеньскай міграцыі. У заказніку насяляе таксама 3 віды млекакормячых (буры мядзведзь, барсук, рысь) і 16 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу рэспублікі. З рэдкіх раслін батанікі вылучаюць гібрыдныя формы вольхі клейкай і вольхі шэрай, высокаствольныя формы карэльскай бярозы, буйную папуляцыю кубышкі малой і рэдкую рэліктавую насекомоядную расліну альдрованда пухірчатая.-0-