Закладны камень на месцы разбуранага помніка Героям 1812 года знайшлі ў Полацку
12 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Закладны камень на месцы разбуранага помніка-капліцы Героям 1812 года знайшлі ў Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Полацкага гарвыканкама па абаронна-мабілізацыйных пытаннях Станіслаў Красоўскі.
Гранітная пліта з крыжам і датай закладкі помніка (1848) была выяўлена сёння падчас падрыхтоўчых работ па аднаўленні манумента. Па словах Станіслава Красоўскага, такія пліты былі закладзены ў падмурак усіх сямі помнікаў, устаноўленых у сярэдзіне XIX стагоддзя ў гарадах, дзе вяліся найбольш значныя баі Айчыннай вайны 1812 года. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў некаторых гарадах разам з закладным каменем у падмурак помніка ўкладваліся і памятныя медалі ветэранаў вайны 1812 года. Раней меркавалася, што падчас зносу помніка ў 30-я гады XX стагоддзя выбухам быў знішчаны не толькі падмурак, але і сама асвечаная закладная пліта. На месцы гістарычнай знаходкі зараз прыпынены ўсе работы. Сюды ўжо прыбылі археолагі і прыступілі да даследаванняў.
Як паведамлялася БЕЛТА раней, на аднаўленне помніка Героям вайны 1812 года ў Полацку з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена больш за 44 млн. расійскіх рублёў. Эскізны праект ужо зацверджаны рэспубліканскім экспертным саветам па манументальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Праца над тэхнічнай дакументацыяй набліжаецца да завяршэння, і ў найбліжэйшы час у Полацку прыступяць да аднаўленчых работ. Полацкі завод "Тэхналітоў" пачаў адліўку чыгунных частак манумента. Дэталi з бронзы адліваюцца на Мінскім скульптурным камбінаце.
Пры працы над эскізам архітэктары і скульптары абапіраліся не толькі на архіўныя матэрыялы і захаваныя фатаграфіі, але і дасканала вывучылі і замерылі помнік Героям 1812 года ў Смаленску, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе.
Помнік-капліца быў адкрыты ў Полацку ў 1850 годзе. Аўтарам праекта з'яўляўся архітэктар Фіксен. Манумент уяўляў сабой піраміду, увянчаную купалам з пазалочаным крыжам. Вакол яе стаялі восем чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзелі пазалочаныя арлы. Усё гэта стаяла на пастаменце цыліндрычнай формы. Вышыня помніка складала 23,7 м, а агульная вага дасягала 221 т. У 1932 годзе помнік Героям 1812 года быў разбураны.-0-