Дагаворы на закупку тавараў, заключаныя да 2 жніўня, працягваюць дзейнічаць - А.Тур
4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заключаныя да 2 жніўня бягучага года дагаворы на закупку тавараў працягваюць дзейнічаць. Аб гэтым 3 жніўня журналістам паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, каментуючы пастанову Савета Міністраў № 991 "Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Каб не было ў суб'ектаў гаспадарання нервознасці і ажыятажу, яны павінны разумець, што на сённяшні дзень усе тыя дагаворы, якія яны заключылі да 2 жніўня, сапраўдныя і будуць дзейнічаць", - растлумачыў Андрэй Тур.
Па словах намесніка міністра, ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу прыняцце пастановы разглядаецца як антыкрызісная мера, "паколькі зараз вельмі шмат маецца розных пасрэднікаў, якія з-за іх няпростай сітуацыі бяруць у таваравытворцы прадукцыю і прадаюць яе спажыўцам або прамежкавым кампаніям па зусім розных цэнах". Каб упарадкаваць гэту адзіную сістэму набыцця і рэалізацыі тавараў, і прынята дадзеная пастанова Саўміна. Яна не датычыцца пакупкі тавараў непасрэдна ў іх вытворцаў, а таксама набыцця тавараў, якія ідуць на экспарт. Дзеянне дакумента таксама не распаўсюджваецца на дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб. Акрамя таго, пастанова не датычыцца тых тавараў, закупкі якіх рэгулююцца асобнымі прававымі актамі (нафтапрадукты, металапрадукцыя, алкагольныя напоі).
Андрэй Тур растлумачыў, хто з'яўляецца афіцыйным гандлёвым прадстаўніком, з якім зараз павінны працаваць юрыдычныя асобы: "Гэта той суб'ект гаспадарання, які ўзаемадзейнічае з пастаўшчыком на аснове пэўнай сістэмы дагаворных адносін". Такім чынам, падкрэсліў намеснік міністра, сёння нічога не спыняецца: у каго ёсць дагаворы, тыя працягваюць працаваць.
Для таго каб працягваць сваю дзейнасць далей, юрыдычныя асобы павінны падаць заяву ў адпаведныя органы дзяржкіравання, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, Нацыянальную акадэмію навук, галіновыя органы. Органы дзяржкіравання, у сваю чаргу, павінны сфарміраваць крытэрыі эканамічнай абгрунтаванасці пералікаў гандлёвых прадстаўнікоў. Пасля гэтага неабходна падрыхтаваць і патрабаванні да дакументаў, па якіх суб'екты гаспадарання могуць быць унесены ў гэты пералік. Урадам дадзены адпаведныя даручэнні органам дзяржкіравання і мясцовым органам улады, якія ўжо прыступілі да фарміравання пераліку афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.
Намеснік міністра эканомікі таксама падкрэсліў, што пастанова №991 не накіравана супраць імпарту - яна заклікана ўпарадкаваць сістэму закупкі тавараў.-0-