Закон аб прадастаўленні замежнікам дадатковай абароны ў Беларусі ўступае ў сілу з 3 ліпеня

14:34:09 3/7 НЕТ,РКО,РО,Ф,САВИ / 49 3 ліпеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Закон "Аб прадастаўленні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь" уступае ў сілу з сённяшняга дня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Гэты закон дапаўняе дзеючы закон "Аб бежанцах" новым інстытутам абароны асоб, якія шукаюць прытулку. Прыняцце такога закона - чарговы крок на шляху стварэння эфектыўнай, якая адпавядае сучасным рэаліям нацыянальнай сістэмы прытулку для людзей, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне. Гэта спрыяе ўмацаванню іміджу Беларусі як дзяржавы, што паслядоўна праводзіць прагрэсіўную палітыку ў гуманітарнай сферы. Новы закон распрацаваны з улікам працы міграцыйнай службы Беларусі, заснаваны на міжнародных прынцыпах у сферы аказання дапамогі бежанцам. Варта адзначыць, што ранейшым заканадаўствам не забяспечвалася дадатковая абарона для некаторых катэгорый замежнікаў, якія ў ёй маюць патрэбу. Да іх адносяцца замежнікі, якія асцерагаюцца смяротнага пакарання і катаванняў у выпадку вяртання ў дзяржавы іх грамадзянскай прыналежнасці або былога звычайнага месца жыхарства, а таксама людзі, якія ўцякаюць ад небяспек узброеных канфліктаў (маюцца на ўвазе масавыя акты гвалту пры грамадзянскіх войнах і ўзброеных канфліктах, цялесныя пакаранні або смяротнае пакаранне за невыкананне нормаў паводзінаў па законах шарыяту, працяглыя тэрміны зняволення без прад'яўлення абвінавачвання, прымяненне катаванняў для атрымання звестак пры затрыманні, нанясенне фізічных калецтваў, прадугледжаных старажытнымі звычаямі). Цэнтральны элемент міжнароднай абароны такіх людзей - права не падвяргацца прымусоваму вяртанню або высылцы ў сітуацыі, якая можа паставіць пад пагрозу іх жыццё або свабоду. З увядзеннем новага інстытута асобам, якія атрымаюць дадатковую абарону, будуць выдавацца дазволы на часовае пражыванне ў Беларусі тэрмінам на адзін год з магчымасцю яго падаўжэння. Закон таксама ўводзіць палажэнне аб ідэнтыфікацыі асобы замежніка, у тым ліку непаўналетняга, які хадайнічае аб абароне, не мае дакумента для выезду за мяжу. Па экспертных ацэнках, штогод дадатковая абарона ў Беларусі можа быць прадастаўлена каля 20 замежнікам, палова з якіх - непаўналетнія. Па дадзеных на 1 чэрвеня бягучага года, у міграцыйныя органы Беларусі за 12 гадоў правядзення працэдуры прызнання бежанцам (з 1997 года) звярнуліся 3 тыс. 265 чалавек, якія шукаюць прытулку. Прызнаны бежанцамі 808 чалавек з 13 краін. Найбольш шматлікую групу складаюць бежанцы з дзяржаў далёкага замежжа, перш за ўсё з Афганістана. Сярод прызнаных бежанцаў ёсць грамадзяне Грузіі (у асноўным прыбылі з Абхазіі), Таджыкістана, Азербайджана, Эфіопіі, Палесціны і г.д. Як ужо паведамлялася БЕЛТА, беларускае грамадзянства атрымалі ўжо 94 бежанцы. У адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам замежнік мае права на атрыманне грамадзянства Рэспублікі Беларусь пасля заканчэння 7 гадоў пасля прызнання бежанцам. У 2008 годзе агульная колькасць жыхароў планеты, якія пакінулі свае дамы з-за ваенных канфліктаў і пераследаў, дасягнула 42 млн. чалавек, прычым з іх 26 млн. з'яўляліся ўнутранымі бежанцамі.-0-