Законапраект аб бюджэце дазволіць умацаваць пазіцыі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі - эксперт

5 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Заканапраект аб бюджэце, падтрыманы ў першым чытанні парламентам, дазволіць умацаваць пазіцыі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара і заснавальнік прыватнага прадпрыемства з Наваполацка "Любава" Любоў Малышава, каментуючы прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі праект закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год". На думку Любові Малышавай, палітыка падтрымкі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі паслядоўна прасочваецца і ў іншых бюджэтна-фінансавых законапраектах, разгледжаных дэпутатамі 2 кастрычніка. "Прыняцце гэтых дакументаў дазволіць стварыць дадатковыя магчымасці для развіцця вытворцаў і іншых удзельнікаў рэальнага сектара эканомікі, а адпаведна, станоўча адбіцца на стане эканомікі краіны ў цэлым", - пераканана кіраўніца. Любоў Малышава адзначыла, што эфектыўнае развіццё і функцыянаванне любога прадпрыемства напрамую звязана з працэсамі мадэрнізацыі, а правядзенне тэхнічнага перааснашчэння патрабуе значных рэсурсаў. Як правіла, на гэтыя мэты прыцягваюцца крэдыты банкаў. У якасці прыкладу яна прывяла ўласную кампанію, якая досыць актыўна выкарыстоўвае гэты інструмент, каб устойліва развівацца. "Такім чынам, павышэнне даступнасці прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі да крэдытаў інвестыцыйнага характару за кошт сродкаў інвестыцыйных фондаў дазволіць актывізаваць працэсы пашырэння і абнаўлення вытворчасці, адкрые перспектывы для павышэння канкурэнтаздольнасці", - канстатавала суразмоўніца. Яшчэ адным стымулюючым фактарам для развіцця эканомікі кіраўніца назвала чаканае ў 2013 годзе зніжэнне падатковай нагрузкі на прадпрымальнікаў. "Гэта вельмі важна, бо дазволіць павялічыць абаротныя сродкі, якія таксама можна накіраваць на развіццё вытворчасці", - адзначыла яна. Прадпрыемства "Любава" займаецца вытворчасцю швейных і трыкатажных вырабаў і ўключае ў сябе некалькі прадпрыемстваў - "Любава-Люкс" і "Любава-Ліс". На прадпрыемстве ўстаноўлена сучаснае замежнае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць вырабы, што не саступаюць па сваёй якасці імпартным аналагам. Збытавая стратэгія прадпрыемства накіравана на працу з аптовымі пакупнікамі. Кліентамі прадпрыемства з'яўляюцца больш за 100 гандлёвых прадпрыемстваў розных форм уласнасці, размешчаных у Беларусі, Расіі, Казахстане і Украіне. Каля 35% выпускаемай прадукцыі экспартуецца. Аб'ём інвестыцый, накіраваных на развіццё кампаніі, сёлета склаў $700 тыс. За студзень-верасень выпушчана прадукцыі на Br7 млрд. Колькасць працаўнікоў - каля 500 чалавек, у тым ліку непасрэдна занятых на вытворчасці - 400.-0-