Закупачныя цэны на малако ў Беларусі павышаны ў сярэднім на 10%

22 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. У Беларусі закупачныя цэны на малако, што закупляецца для дзяржаўных патрэб, павышаны ў сярэднім на 10%. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №387, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна. На падставе дакумента ўнесены адпаведныя змяненні ў пастанову Савета Міністраў №812 "Аб закупачных цэнах на прадукцыю жывёлагадоўлі, якая рэалізуецца для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб" ад 5 чэрвеня 2008 года. Закупачныя цэны на малако "Экстра" цяпер складаюць Br1000 за 1 кг, вышэйшага гатунку - Br785, першага гатунку - Br725, другога гатунку - Br415. Раней яны складалі адпаведна Br905, Br715, Br660, Br380. У галоўным упраўленні эканомікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання распавялі, што цяперашняе павышэнне закупачных цэн на малако звязана з ростам затрат на яго вытворчасць. "Акрамя таго, дадзеная мера неабходна, каб паставіць айчынных вытворцаў у роўныя ўмовы з вытворцамі суседніх краін, дзе закупачныя цэны на малако больш высокія", - адзначылі ў міністэрстве. Чакаецца, што павышэнне цэн на малако за кошт дзяржаўных патрэб істотна не адлюструецца на ўзроўні раздробных цэн на гатовую малочную прадукцыю на ўнутраным рынку. Нагадаем, што ў апошні раз закупачныя цэны на малако былі павышаны ў сярэднім на 10% у лістападзе 2009 года. Тады гэта было звязана са павелічэннем затрат на ўтрыманне жывёл у зімовы стойлавы перыяд, а таксама павышэннем цэн на гатовую прадукцыю на знешнім рынку.-0-