Зала цяжкай атлетыкі адкрылася ў аграрна-тэхнічным каледжы ў Гарадку

Зал тяжелой атлетики открылся аграрно-техническом колледже в Городке
Спаборніцтвамі па гіравому спорце адзначылі ў Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы адкрыццё залы цяжкай атлетыкі.
 

Сімвалічна, што гэтая падзея адбылася напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. Як адзначыў дырэктар навучальнай установы Уладзімір Шыцько, задача каледжа не толькі падрыхтаваць добрых спецыялістаў для аграрнага сектара, але і выпусціць фізічна моцных людзей, сапраўдных мужчын.

– Дзяржаве патрэбна здаровая нацыя, кіраўнікі краіны і вобласці падаюць прыклад здаровага ладу жыцця. Большасць нашых навучэнцаў – прадстаўнікі моцнага полу. Яны павінны быць ва ўсіх сэнсах моцнымі, – лічыць Уладзімір Шыцько.

Развіццю спорту ў каледжы надаецца вялікая ўвага. За апошнія тры гады ўкладзена нямала заробленых самой навучальнай установай сродкаў у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, зроблены рамонт вялікай спартыўнай залы, у інтэрнаце адкрыта зала барацьбы, устаноўлены тэнісныя і більярдны столікі, закуплены новыя лыжы. Цяпер да гэтага спісу дадалася зала цяжкай атлетыкі.

 

Яе абсталявалі ў былым падсобным памяшканні. Вычысцілі, зрабілі рамонт, усталявалі помост, закупілі стойку, прафесійныя штангі, гіры. Ахвотных тут займацца нямала. Пра гэта можна меркаваць і па колькасці ўдзельнікаў спаборніцтваў, якія прайшлі ў групах, а ў дзень адкрыцця залы адбыўся фінал. Дарэчы, лепшых спартсменаў у каледжы адзначаюць не толькі граматамі, але і грашовымі прэміямі.

У холе перад спортзалай на самым бачным месцы красуюцца заваяваныя навучэнцамі кубкі, вісяць партрэты тых, хто годна абараняў гонар навучальнай установы на розных турнірах. Трэнеры ганарацца, што выхавалі двух майстроў і пяць кандыдатаў у майстры спорту па ўсходніх відах адзінаборстваў. Ахвотныя могуць праявіць сябе ў 16 секцыях. Ёсць дамоўленасць з прафсаюзнай спортшколай, што ў каледжы будзе працаваць трэнер па цяжкай атлетыцы.

У сакавіку тут будзе праходзіць міжнародны чэмпіянат па валейболе.

– Мы падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі аграрнай накіраванасці з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Расіі. Усе яны выставяць свае каманды. Так што спорт адкрывае для маладых людзей нашу краіну, – тлумачыць Уладзімір Шыцько.

 

Дырэктар таксама дадае, што спыняцца на дасягнутым Гарадоцкі каледж не збіраецца. Ва ўчебным корпусе ўжо прыгледзелі два памяшканні, дзе будуць абсталяваны трэнажорныя залы. Адзін плануюць адкрыць да пачатку новага навучальнага года, другі – да студзеня 2020-га.

Возьмуць удзел будучыя спецыялісты-аграрыі і ў «Віцебскай лыжні». Яны ўжо выходзілі на старт у «Гарадоцкай», абкатвалі новыя лыжы. Настаўнік па гэтым відзе спорту годны: Аляксей Максімаў – лыжнік-біятланіст, у свой час трэніраваўся ў школе алімпійскага рэзерву з чэмпіёнкай Пхёнчхана Ірынай Крыўко.

– Каб навучэнцы не прыстрасціліся да згубных звычак, а гэта нямала здараецца ў моладзевым асяроддзі, іх трэба не толькі выхоўваць, але і прапанаваць альтэрнатыву. Спорт у гэтай справе для хлапчукоў, якім трэба на нешта марнаваць энергію, – самы лепшы варыянт, – лічыць дырэктар каледжа.

"Віцебскія весці".