Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пянін аб дасягненнях у сацыяльнай сферы і планах на будучыню
– Уладзімір Пятровіч, якія дасягненні ў сацыяльнай сферы вы б адзначылі? У прыватнасці, у ахове здароўя? Бо ёсць выраз: «Здароўе нацыі – гэта здароўе дзяржавы».
– Пытанні сацыяльнай сферы шматгранныя, закранаюць практычна ўсё, што звязана з інтарэсамі чалавека: яго здароўе, адукацыю, выхаванне і г.д. Ад таго, наколькі якасна будуць працаваць медыцынскія ўстановы, дзіцячыя сады, школы, каледжы, залежыць і настрой у грамадстве. Нямалае значэнне мае і тое, як функцыянуюць нашы дамы культуры, тэатры, музеі, што пішуць газеты і паказваюць тэлеканалы.
З улікам асаблівасцей рэгіёна, у якім налічваецца 6221 населены пункт, мы павінны стварыць камфортныя ўмовы для жыцця ў кожным паселку і вёсцы. Да дасягненняў апошніх гадоў варта аднесці мадэрнізацыю ва ўсіх райцэнтрах устаноў аховы здароўя. На Віцебшчыне захавана сетка фельчарска-акушэрскіх пунктаў і ўрачэбных амбулаторый, незалежна ад колькасці абслугоўванага насельніцтва. Два гады таму ў абласным дзіцячым клінічным цэнтры адкрыты модальны цэнтр прафілактыкі дзіцячага траўматызму. А ў 2018-м праведзена цэнтралізацыя стаматалагічнай службы – створаны абласны клінічны стаматалагічны цэнтр. У нас упершыню ў рэспубліцы арганізавана праца хуткай медыцынскай дапамогі па тэрытарыяльным прынцыпе, што забяспечвае прыбыццё брыгад хуткай медыцынскай дапамогі да месца выкліку ў кароткія тэрміны. У практычнай ахове здароўя максімальна асвоены спектр аперацый у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, мікрахірургіі вока.
Вялікае значэнне надаецца развіццю медыка-сацыяльнай дапамогі. Сетка бальніц сястрынскага догляду ў поўным аб'ёме забяспечвае дапамогу самотным і самотна пражываючым людзям пажылога ўзросту. Створаны ўмовы для правядзення эфектыўнай медыцынскай рэабілітацыі і аздараўлення дзяцей і дарослых. Ажыццяўляецца паэтапны пераход на аказанне першаснай медыцынскай дапамогі ўрачамі агульнай практыкі. У Пастаўскім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім раёнах абслугоўванне насельніцтва ўрачамі агульнай практыкі стапрацэнтнае. Амбулаторыі ўрача агульнай практыкі створаны ў мікрараёнах Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка.
Толькі за апошнія гады ўведзены ў строй новыя Шаркаўшчынская і Мёрская цэнтральныя раённыя бальніцы, Аршанская гарадская бальніца №1 ім. Семашкі, новы будынак Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі ў мікрараёне Юг-7, корпусы Віцебскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, абласных інфекцыйнай і дзіцячай клінічных бальніц, Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Праведзены рэканструкцыі і мадэрнізацыі практычна ва ўсіх цэнтральных раённых бальніцах. Адкрыты новыя стаматалагічныя паліклінікі ў Глыбокім, Докшыцах, Верхнядзвінску, Бешанковічах.
У бягучым годзе таксама ўведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі і мадэрнізацыі інфекцыйны корпус Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы, Курынская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі Віцебскага раёна, цэнтральныя раённыя паліклінікі ў Верхнядзвінску, Сянне і Новалукомлі, закуплена новае сучаснае абсталяванне.
У 2020-м плануецца завяршыць рэканструкцыю хірургічнага корпуса абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера. Працягваецца будаўніцтва новага корпуса дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Жамчужына».
– У апошнія гады вялікая праца праведзена ў вобласці па аптымізацыі школьнай адукацыі. Як яна праходзіла?
– Тры гады таму пасля аналізу стану матэрыяльна-тэхнічнай базы, дынамікі колькасці дзіцячага насельніцтва ў сельскай мясцовасці і колькасці школ аблвыканкамам і абласным Саветам дэпутатаў было прынята рашэнне аб правядзенні аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. У 2016 – 2018 гадах зачынены 79 і рэарганізаваны 111 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, гэта 45% ад агульнай колькасці. Эканомія склала больш за 40 млн руб. штогод. Разумны падыход да аптымізацыі сеткі дазволіў палепшыць якасць адукацыі шляхам аб'яднання кадравых, матэрыяльна-тэхнічных, фінансавых рэсурсаў устаноў адукацыі, павысіць эканамічную эфектыўнасць функцыянавання ўстаноў і сістэмы адукацыі вобласці ў цэлым. Акрамя таго, перайсці да стварэння ў рэгіёнах «Школ будучыні». Праект рэалізаваны ў школах Талачына, Дуброўна, Верхнядзвінска, Браслава.
Рашэнні райвыканкамаў аб закрыцці і рэарганізацыі ўстаноў адукацыі прымаліся пасля ўрэгулявання пытанняў, звязаных з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, падвозам дзяцей і забеспячэннем далейшага працаўладкавання работнікаў.
Пытанне даступнасці дашкольнай адукацыі з'яўляецца прыярытэтным. Яно вырашаецца за кошт будаўніцтва ўстаноў, развіцця сеткі груп кароткачасовага знаходжання дзяцей, сямейных дзіцячых садоў з улікам рэгіянальнай патрэбы.
У найбліжэйшых планах – адкрыццё ўстаноў дашкольнай адукацыі ў Полацку ў мікрараёне Аэрапорт, у Паставах, Наваполацку, Міёрах, Лепелі. Будуць узведзены дзіцячы сад-школа ў мікрараёне Білева абласнога цэнтра, яслі-сад з басейнам у Оршы.
Змяняюцца арыенціры і падыходы да прафесійнай адукацыі, развіваюцца новыя прафесійныя кампетэнцыі. На базе каледжаў адкрываюцца рэсурсныя цэнтры. У лістападзе бягучага года ён з'явіўся ў Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы, а ў 2020-м будзе створаны ў Наваполацкім дзяржаўным політэхнічным каледжы.
На працягу двух гадоў аблвыканкам, райгарвыканкамы, установы адукацыі працуюць над задачай падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў сярэдняга звяна для галін эканомікі. Гэтая задача прадыктавана жыццём. Недахоп працоўных рэсурсаў адчуваецца ў аграпрамысловым комплексе, будаўніцтве, лёгкай прамысловасці.
У бліжэйшых планах – адкрыццё ўстановы дашкольнай адукацыі ў Полацку ў мікрараёне Аэрапорт, у Паставах, Наваполацку, Міёрах, Лепелі. Будуць узведзены дзіцячы сад-школа ў мікрараёне Білева абласнога цэнтра, яслі-сад з басейнам у Оршы.
– Нямала мерапрыемстваў прайшло ў рамках Года малой радзімы, 2020-ы – год 75-годдзя Вялікай Перамогі. Як Віцебшчына будзе адзначаць гэту дату?
– На Віцебшчыне праходзіць міжнародная акцыя «У славу агульнай Перамогі», прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі. Урачыстыя мерапрыемствы па заборы зямлі з брацкіх магіл загінуўшых герояў для капсул, якія будуць закладзены 9 мая 2020 года ў крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, адбылося ў 9 раёнах. Абласны этап пройдзе ў красавіку наступнага года на мемарыяльным комплексе «Прарыў» ва Ушацкім раёне. Падчас падрыхтоўкі святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўсіх гарадах і раёнах у аказанні ветэранам Вялікай Айчыннай вайны розных відаў дапамогі актыўна ўдзельнічалі прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі, валанцёры, арганізацыі, дзе раней працавалі ветэраны. Пытанні сацыяльна-бытавой дапамогі знаходзяцца на пастаянным кантролі, аператыўна вырашаюцца.
У вобласці налічваецца амаль 1,5 тысячы воінскіх пахаванняў. Праведзены бягучы рамонт, тэрыторыі вакол іх добраўпарадкаваны. Працягваецца даследчая праца па складанні баз даных аб воінах, якія загінулі на тэрыторыі Віцебскай вобласці, аб загінулых і прапалых без вестак мясцовых ураджэнцах і прызваных ваенкаматамі вобласці, аб удзельніках партызанскага руху і падполля, аб мірных жыхарах, знішчаных фашыстамі. У рэспубліканскім банку даных «Кніга памяці грамадзян, якія загінулі пры абароне Айчыны» пахаванымі на тэрыторыі вобласці лічацца 409538 чалавек, з іх 208 623 прозвішчы загінулых воінаў устаноўлены (51% ад колькасці пахаваных).
– Віцебшчына мае свой непаўторны культурны імідж, які можна актыўней выкарыстоўваць у развіцці турызму. Як вы лічыце, ці дастаткова робіцца ў гэтым плане?
– Віцебшчына валодае значным патэнцыялам развіцця турызму, перш за ўсё пазнавальнага, экалагічнага, аздараўленчага, сельскага, паломніцкага, транзітнага. На працягу апошніх гадоў у вобласці назіраецца станоўчая дынаміка па павелічэнні колькасці аб'ектаў турыстычнай індустрыі.
На фоне пастаянна расце ўвагі да праблемы захавання прыроднага асяроддзя як неабходнай умовы захавання самога чалавецтва набывае ўсё большае значэнне развіццё аздараўленчага і экалагічнага турызму. У апошні час атрымалі развіццё такія новыя віды турызму, як прамысловы, тэатральны, дзелавы, кулінарны, фестывальны, педагагічны, спартыўны, аўтатурызм, медыцынскі і лячэбна-аздараўленчы.
Віцебская вобласць адзіная ў Беларусі ўключана ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны, якая займаецца папулярызацыяй мясцовых кулінарных асаблівасцей, традыцыйных страў і рэцэптаў. Беларусь прадстаўлена пяццю раёнамі Віцебскай вобласці: Мёрскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Полацкім і Лепельскім. Тут засяроджана больш за 30 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія прапануюць унікальныя стравы з мясцовых прадуктаў.
У нашым рэгіёне захавалася шмат унікальных помнікаў архітэктуры, якія прыцягваюць турыстаў, і ім надаецца значная ўвага з боку ўласнікаў, дзяржавы і грамадства. У прыватнасці, на тэрыторыі вобласці размешчаны два з трох найстарэйшых помнікаў архітэктуры Беларусі: Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку і Благавешчанская ў Віцебску. Спаса-Праабражэнская царква з'яўляецца цалкам аўтэнтычным унікальным помнікам сусветнага значэння. Праводзімая ў цяперашні час спецыялістамі з Беларусі і Расіі работа дазволіць да 2024 года рэстаўраваць сам храм, раскрыць на сценах і скляпеннях царквы фрэскі XII ст., створаныя пры Ефрасінні Полацкай. У 2025-м найстарэйшая ў Беларусі праваслаўная абіцель у Полацку адзначыць сваё 900-годдзе.
Можна назваць шмат прыкладаў вяртання з небыцця нашай архітэктурнай спадчыны. Адзін з апошніх – рэканструкцыя асаняка на вуліцы Марка Шагала, 5а, у якім адкрыўся Музей гісторыі ВНХУ. У хуткім часе пачнуцца работы па аднаўленні будынка былой бальніцы ў Полацку, дзе размесціцца навучальная ўстанова.
Трэба прызнаць, што сярод помнікаў архітэктуры ёсць невыкарыстоўваемыя аб'екты, якія знаходзяцца ў неналежным стане. Яны выстаўляюцца на аўкцыёны, прапануюцца патэнцыйным інвестарам. Выдатным прыкладам прыватнай ініцыятывы можа стаць фестываль «Справа», арганізаваны ўраджэнцамі Чашніцкага раёна ў Чэрэі. Дзякуючы яму ўнікальная Белая царква, адзін з першых помнікаў барока на тэрыторыі Беларусі, уключана ў культурны дыскурс, і прапрацоўваецца пытанне аб яе кансервацыі. Работы па адраджэнні нашай нацыянальнай спадчыны будуць працягнуты.
– Дзякуй за інтэрв'ю.