Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка азнаёміўся з фестывальнай інфраструктурай Віцебска і наведаў абласны радзільны дом

Вось і наступіў доўгачаканы час. Сталіца «Славянскага базару ў Віцебску» закруцілася ў захапляльным рытме фестывальнай мітусні. Такое ўражанне, што добра адладж­ва­ны гадзіннікавы механізм проста ў чарговы раз выразна прыняў­ся адліч­ваць хроніку радасных дзён, напоўненых мноствам падзей. Пра тое, што чакае гасцей і ўдзельнікаў 28-га па ліку міжнароднага культурнага форуму і якую ролю ў жыцці краіны адыгрывае «Славянскі базар у Віцебску», на прэс-канферэнцыі агучыў намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. 


— Цяперашні год для нашай краіны напоўнены яскравымі падзеямі. Толькі скончыліся II Еўрапейскія гульні ў Мінску, спаборніцтвы, дарэчы, трансліраваліся ў 190 краінах свету, і этнасвята «Купалле» ў Аляксандрыі. І вось цяпер гэты стваральны спартыўны і культурны дух перайшоў у Віцебск. У першую чаргу мы стараліся стварыць тут максімум зручнасцей для замежных гасцей. Бязвізавы ўезд на тэрыторыю краіны для будучых гледачоў арганізаваны праз усе пункты пропуску, дзе дастаткова паказаць білет на адзін з праектаў «Славянскага базару». Замежнікі могуць прабыць у нашай краіне дастатковы тэрмін для таго, каб не толькі наведаць канцэрты, але і пазнаёміцца бліжэй з Беларуссю. Дзякуючы гэтаму дадаткова да нас прыбудзе каля 5 тысяч замежных гасцей.

Намеснік Прэм'ер-міністра адзначыў: кожны год фестываль становіцца ўсё лепшым і ўсё папулярнейшым. Выкарыстоўваюцца новыя падыходы, новыя фарматы, змяняецца змест. Цяпер актыўна ўвасабляецца ў жыццё ідэя задзейнічаць у фестывальнай праграме практычна ўсе аўдыторыі гледачоў — ад дзяцей да людзей салід­нага ўзросту. Свята павінна стаць святам для ўсіх і кожнага. Упершыню ў Віцебску адбудуцца лядовыя шоу, шмат іншых навінак, якія, несумненна, будуць ацэнены па вартасці. Першыя канцэрты, якія ўжо сабралі аншлагі, таму пацвярджэнне. Перад афіцыйным адкрыццём «Славянскага базару ў Віцебску» на многія канцэрты білетаў ужо не дастаць. Усяго іх прададзена каля 70 тысяч.

Ігар Петрышэнка падчас візіту ў святочны Віцебск наведаў шэраг аб'ектаў і ў цэлым ацаніў фестывальную атмасферу горада. Паглядзеў добраўпарадкаванне фестывальных вуліц, прайшоўся па гандлёвых радах і паазнаёміўся з працамі рамеснікаў у «горадзе майстроў», пагутарыў з выхаванцамі музычнага вучылішча, пабываў на «алеі зорак» і паназіраў за рэпетыцыямі на сцэне Летняга амфітэатра. Сугуба дзелавы візіт — у Віцебскі абласны клінічны радзільны дом на праспекце Чарняхоўскага.

Роўна адзінаццаць гадоў таму гэту медустанову адкрываў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. За гэтыя гады тут нарадзілася звыш 24 тысяч дзетак — практычна сярэдні раён Віцебскай вобласці. Ігар Петрышэнка пагутарыў з медперсаналам і родапавітухамі, пацікавіўся здароўем малышоў, агледзеў тэхнічную базу і ўмовы, створаныя для камфортнага знаходжання ў установе пацыентак, працы мясцовых урачоў і медперсаналу. А яшчэ дэталёва азнаёміўся з дзеючай сістэмай інфарматызацыі, асаблівую ўвагу звярнуўшы на праведзеную ў вобласці аптымізацыю структуры і адсутнасць унутрыведамаснага дублявання. То бок цэнтралізацыя ўсёй сістэмы вядзення цяжарнасці і родапамогі на Віцебшчыне дазваляе абласному радзільнаму дому валодаць аператыўнымі данымі аб стане кожнай будучай мамы, незалежна ад далёкасці яе пражывання. Пытанне аб тактыцы і месцы правядзення родаў вырашаецца толькі з улікам наяўнасці паталогій у родапавітухі або яе дзіцяці. Прама з аддаленай вёскі жанчыну загадзя могуць накіраваць або ў гэты абласны радзільны дом, дзе ёсць усё неабходнае для выключэння непрадбачаных сітуацый, або, пры наяўнасці паказанняў, у Рэспубліканскі цэнтр «Маці і дзіця». 

Якасць аказання медыцынскай дапамогі ў абласным радзільным доме ўжо даўно ацанілі жыхары блізкага замежжа — каля 500 маленькіх расіян тут упершыню ўбачылі свет. Вось і цяпер некалькі жанчын з суседняя Расіі гадуюць у палатах сваіх малышоў — Ігар Петрышэнка пажадаў ім прыехаць з такой благароднай мэтай у Беларусь яшчэ не аднойчы. 

— Стабільнасць дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне — гэта задача нумар адзін, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Першапачаткова радзільны дом узяў высокую планку, выкарыстоўвае перадавыя методыкі, дааснашчаецца. Добра, што высокакваліфікаваная меддапамога родапавітухам даступная нават у самых аддаленых рэгіёнах вобласці — амаль за 260 кіламетраў ад Віцебска. А яшчэ я сёння пераканаўся: уз

магчымасці радзільні дазваляюць прымаць значна большую колькасць пацыентак — хай медыкі самі паказваюць прыклад і актыўна пашыраюць свае сем'і.