Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка наведаў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава

Заместитель премьер-министра Игорь Петришенко посетил Витебский государственный университет имени П.М.Машерова

Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў і навучальнымі ўстановамі краіны створаны належныя ўмовы для таго, каб абітурыенты змаглі праявіць свае веды на ЦТ. Пра гэта заявіў старшыня дзяржкамісіі, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка сёння ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

"Створаны належныя ўмовы для таго, каб абітурыенты змаглі праявіць свае веды, не хвалюючыся адказаць на пытанні ў заданнях. Спадзяёмся, што паступяць найбольш годныя і сур'ёзна матываваныя на атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Сёлета на ЦТ зарэгістраваліся амаль 77 тыс. абітурыентаў. Больш за ўсё абітурыентаў збіраецца здаваць рускую мову і матэматыку - каля 64 тыс. і 42 тыс. адпаведна. Найменшая колькасць зарэгістравана на кітайскую і іспанскую мовы - 30 і 164. Тэсціраванне пройдзе па 15 прадметах. Асаблівасць уступнай кампаніі гэтага года ў тым, што некалькі зніжана патрэба эканомікі ў спецыялістах юрыдычнага і эканамічнага профілю, але павялічана колькасць месцаў для паступаючых на спецыяльнасці IT-сферы, медыцынскай галіны, фізічнага выхавання і спорту, а таксама аграрнага профілю. "Цяпер выбудоўваем праграму, каб былі падрыхтаваны тыя спецыялісты, у якіх у большай ступені мае патрэбу краіна. Да гэтага пытання падыходзім гнутка, разам з заказчыкамі і галінамі фарміруем план, распрацоўваем адпаведныя дакументы, каб навучыць студэнта неабходнаму", - дадаў віцэ-прэм'ер. Усяго ВНУ разлічваюць прыняць каля 55 тыс. абітурыентаў, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы - больш за 40 тыс. Намеснік прэм'ер-міністра распавёў пра змены, якія могуць

з'явіцца ў будучых уступных кампаніях. Так, разглядаецца пытанне, каб на завочнае навучанне прымаць тых, хто мае стаж працы па профілі не менш за 10 месяцаў. Па асобных спецыяльнасцях можа быць прадугледжаны пазаконкурсны набор выпускнікоў аграрных класаў. Таксама могуць быць уведзены льготы для тых, хто прайшоў тэрміновую службу. "Усе гэтыя і іншыя прапановы зараз толькі абмяркоўваюцца", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

 

Ён таксама звярнуў увагу на забяспечанасць студэнтаў месцамі ў інтэрнатах. У Мінску ў мінулым і сёлетнім годзе пабудаваны два інтэрнаты на 1,2 тыс. і 1,8 тыс. месцаў. Зараз ідзе актыўнае ўзвядзенне інтэрнатаў для студэнтаў двух ВНУ Гродна: медыцынскага і ГрДУ імя Янкі Купалы. "Пасля заканчэння будаўніцтва ўзровень забяспечанасці студэнтаў у краіне жыллём будзе 95%", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Старшыня КДК па Віцебскай вобласці Вадзім Заранкін, закранаючы арганізацыю ЦТ у рэгіёне, адзначыў, што ў КДК вобласці, а таксама ў Аршанскім і Полацкім міжраённых камітэтах дзейнічаюць гарачыя тэлефонныя лініі па пытаннях уступнай кампаніі. "Акрамя таго, у кожнай навучальнай установе, дзе праходзіць тэсціраванне, працуе камісія па кантролі. У нас у вобласці чатыры пункты тэсціравання - Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт, Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М. Машэрава, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж. Кантактныя тэлефоны прадстаўнікоў камісій размешчаны ў гэтых установах на стэндах. Да іх можна звярнуцца, у тым ліку на мабільны тэлефон, і вырашыць свае пытанні", - сказаў Вадзім Заранкін. Сёння абітурыенты здавалі першы тэст - па беларускай мове. Выпрабаванні працягнуцца да 1 ліпеня. Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні (6, 8, 10 ліпеня) можназ 30 чэрвеня па 2 ліпеня ў БДУ, тут жа пройдзе тэсціраванне.

Андрэй ШЧАРБІЦКІ, фота Аляксандра ХІТРАВА,БЕЛТА.